Саша Шумель зноўку вучыцца хадзіць

Саша Шумель, студэнт ГрДзУ імя Я.Купалы, ехаў у маршрутнай таксоўцы, якая на перакрыжаванні вуліц Кірава і Будзёнага выехала на паласу сустрэчнага руху, пасля чаго наткнулася на прыдарожную агароджу. Сталёвая труба агароджы прабіла радыятар і выйшла ў салон, дзе пакалечыла маладога чалавека.

Сашу прывезлі ў вельмі цяжкім становішчы ў бальніцу хуткай дапамогі, дзе аперацыя па ампутацыі нагі доўжылася амаль тры гадзіны. Захаваць нагу не было магчымасці з-за вялікага яе пашкоджання. Пасля ампутацыі ў арганізме хлопца пачалося запаленне, або заражэнне крыві. Хворага давялося перавесці на штучную вентыляцыю лёгкіх. Работа сэрца таксама падтрымлівалася штучна.

За цяжкім пацыентам наглядаў медперсанал аддзялення рэанімацыі і анестэзіі пры ўдзеле супрацоўнікаў кафедр Гродзенскага медуніверсітэта. Праз два тыдні хлопец прыйшоў да сябе, а праз месяц яго перавялі ў траўматалагічнае аддзяленне. Пасля першай аперацыі Саша Шумель перанёс яшчэ шэсць. На мінулым тыдні зрабілі сёмую, апошнюю, спадзяецца ўрач Андрэй Тодрык, які лечыць хлопца з першых дзён.

Праз паўтары-два тыдні Сашу плануюць выпісаць. Зараз ён кожны дзень займаецца лячэбнай фізкультурай і фізіятэрапіяй, а таксама вучыцца хадзіць на мыліцах. Пакуль Саша знаходзіцца ў акадэмічным адпачынку, аднак пасля аднаўлення зможа працягваць наведваць заняткі на родным факультэце фізічнай культуры ГрДзУ.

Сашка Верацейчык па матэрыялах газеты “Гродзенская праўда”

Здымак паводле http://autogrodno.by/content/view/394/109/