Галіна Юргелевіч: трэба змяняць стаўленне да размеркавання выпускнікоў

|

Сваімі меркаваннямі наконт праблемных момантаў у гэтай галіне дзялілася намесніца старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Галіна Юргелевіч.

 

Прапануем увазе чытачоў кароткія вытрымкі з выступу сп-ні Юргелевіч перад удзельнікамі круглага стала, які прайшоў у студзені ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры.

 

Пачатковая адукацыя. Тут найперш хвалюе пытанне захавання здароўя дзяцей. Спробы перавесці выхаванне дзяцей у садках на школьна-ўрочную сістэму не прыносіць карысці.

 

Статус работнікаў сацыяльнай сістэмы павінен быць вышэйшым. Заробкі, якія атрымліваюць гэтыя людзі, нікога не задавальняюць. Кадры сыходзяць, а падрыхтоўка маладых спецыялістаў каштуе дорага.

 

Сацыяльны статус настаўнікаў таксама неабходна ўзняць. Настаўнікі часта выконваюць не свае функцыі. Замест самаадукацыі і дадатковай працы з дзецьмі ім даводзіцца рабіць аграмадны аб’ём папяровай працы «ў стол». Вырашыць гэтае пытанне павінна больш актыўнае ўкараненне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.

 

Профільнае навучанне. Рашэнне пра яго адмену неадназначнае. Ужо зараз бачна, што факультатывамі яго не заменіш.


Прыём дзяцей у гімназіі і ліцэі. У гэтай сферы пачаў квітнець пратэкцыянізм. На першым месцы павінен быць інтэлект дзяцей, а не месцы працы і заробак бацькоў.

 

Рэпетытарства. Гэтая з’ява набыла масавы распаўсюд у Беларусі і гэта з’яўляецца спрэчным момантам. Але калі з’ява ёсць – замоўчваць яе не варта. Магчыма, гэты працэс трэба легалізаваць, урэгуляваць прававымі нормамі.

 

Балонскі працэс. У суседняй Расіі ён не даў аніякіх адчувальных вынікаў і выгодаў. Таму не трэба спяшацца з далучэннем да яго. Хоць у дакументах, якія рэгламентуюць гэты працэс, ёсць цікавыя тэрміны. Напрыклад, «акадэмічныя свабоды» як асаблівая форма арганізацыі навучальнага працэсу і выхавання.

 

Тэрміны навучання ў ВНУ. Ёсць шэраг спецыяльнасцяў, якім можна навучыць за 3-4 гады (банкаўская справа і г.д.). Гэта дазволіць зберагчы дзяржаўныя грошы.


Магчымасць навучацца экстэрнам. Гэты працэс таксама трэба ўрэгуляваць, каб сапраўды таленавітыя маладыя людзі маглі за два-тры гады праходзіць праграму ВНУ, калі маюць такое жаданне.

 

Выключэнне з ВНУ. У заканадаўстве трэба дакладна патлумачыць паняцце «дысцыплінарны ўчынак», каб было вядома, каго, за што і ў якіх выпадках можна выключаць з ВНУ.

 

Статус выпускніка-магістранта. Шмат выпускнікоў паступае ў аспірантуру, але абараняецца мала хто. У ВНУ можна сустрэць выкладнікаў і за 70 і за 80 год. Сярэдні ўзрост выкладнікаў імкліва расце, а змены амаль няма.


Размеркаванне. Трэба змяняць стаўленне да гэтай з’явы. На паперы размеркаваным выпускнікам гарантуецца адно, а ў рэальнасці атрымліваецца іншае. Ёсць праблемы з жытлом для размеркаваных, з іншымі пытаннямі іх пераезду на месца працы. Дзяржаўныя структуры, якія прымаюць размеркаваных выпускнікоў, павінны забяспечыць спрыяльныя ўмовы для іх жыцця і працы. Трэба, каб гэта было замацавана заканадаўча. Развагі сп-ні Юргелевіч трэба сур’ёзна браць пад увагу, таму што многія з ідэяў, якія яна агучыла, могуць увайсці ў Кодэкс аб адукацыі ў Беларусі, які 11 лістапада мінулага году быў прыняты парламентам у першым чытанні. На адной з бліжэйшых сесій парламента гэты дакумент будзе канчаткова зацверджаны і ўступіць у сілу. Падрабязней пазнаёміцца з дакументам можна па адрасе http://house.gov.by/index.php/,5546,,,,0,0,0.html