У Гродне будзе працаваць “Універсітэт Залатога веку”
Мэтай праекта з’яўляецца стварэнне для сталых людзей магчымасцей для самаадукацыі, развіцця сваіх здольнасцёй, выкарыстання свайго патэнцыялу на карысць грамадства.
Такога кшталту праекты для сталых людзей ўжо шмат гадоў паспяхова здзяйсняюцца ў многіх краінах свету, у тым ліку – і ў суседніх з намі. У Польшчы гэтак званыя Ўніверсітэты Трэцяга Веку існуюць у многіх вялікіх і малых гарадах і карыстаюцца вялікай папулярнасцю.
Сталыя людзі, якія наведваюць такія Ўніверсітэты, маюць магчымасць падвучыцца таму, што не паспелі ў маладыя гады (замежныя мовы, гісторыя, мастацтва, танцы і г.д.), сустракацца з цікавымі людзьмі (медыкамі, псіхолагамі і інш.), разам адпачываць, дабраахвотна дапамагаць тым, хто мае ў гэтым патрэбу.
Для знаёмства з польскім досьведам працы са сталымі людзьмі ў сакавіку будзе арганізаваны візіт групы сталых гарадзенцаў ва Ўроцлаў.
Там яны сустрэнуцца са сваімі аднагодкамі з мясцовага Ўніверсітэту Трэцяга Веку, пазнаёмяцца з арганізацыяй працы гэтага ўніверсітэта, возьмуць удзел у яго занятках, сплануюць з дапамогай польскіх калегаў сваю дзейнасць у Гродне.
Па вяртанні з Уроцлава ў Гродне адбудзецца шырокая прэзентацыя ідэі праекта, пасля якой пачнецца праца па стварэнні клубаў па інтарэсах для сталых людзей, правядзенне тэматычных сустрэч (у тым ліку – з моладдзю).
У верасні з візітам у адказ у Гродна прыедуць актывісты Універсітэту Трэцяга Веку з Уроцлава, а таксама прадстаўнікі яшчэ адной уроцлаўскай арганізацыі – Дома сустрэч імя Ангеліўса Сілезіўса.
Менавіта гэтыя арганізацыі з’яўляюцца партнёрамі гарадзенскага грамадскага аб’яднання “Цэнтр “Трэці сектар”, які і з’яўляецца ініцыятарам стварэння Ўніверсітэту Залатога Веку.