Мясцовы выбары – падзея ці фармальнасць?

І, верагодна, больш ціхія – без запалу, сцягоў і супрацьстаянняў. Паколькі ў нас не прынята шумець, збірацца больш 3-х у адным месцы і сур’езна верыць, што мясцовыя Саветы наогул валодаюць уладай. Зрэшты, магчыма, мы памыляемся. Спытаем у гарадзенцаў. Зразумела і тое, чаму нашы суразмоўцы адмаўляліся ад фотасэсіі.

 

Яўген, 21 год, студэнт факультэта матэматыкі і інфарматыкі (ГрДзУ): Я лічу, што мясцовыя саветы не маюць рэальнай улады. Уся справа ў тым, што Беларусь – прэзідэнтская рэспубліка. Таму, калі прэзідэнт выдасць нейкі загад, то выканкамы ўжо змяніць яго не змогуць. Выхад – змяніць форму кіравання дзяржавай на парламентска-прэзідэнтскую. Пра кандыдатаў я даведваюся толькі падчас выбарчай кампаніі з лістовак.

 

Жанчына, 45 гадоў, грамадскі працаўнік установы адукацыі: Калі абласных дэпутатаў я яшчэ ведаю, то гарадскіх і раённых – не. Не хапае даступнай інфармацыі пра кандыдатаў, не ведаю, што канкрэтна робяць абраныя дэпутаты. Можна сказаць, што паміж народам і ўладай няма сувязі. Я лічу, што калі прапаную якому-небудзь дэпутату нейкую рацыянальную ідэю, то да яе прыслухаюцца і пастараюцца здзейсніць.

 

Жанчына, 58 гадоў, пенсіянерка: Пра органы ўлады ведаю толькі тое, што яны ёсць. Больш нічога. Кандыдатаў увогуле не ведаю. На выбары хаджу заўсёды, непасрэдна там чытаю пра кандыдатаў, але гэтага вельмі мала. Веру, што можна звярнуцца да дэпутата з праблемай. Яе разгледзяць, але ж наўрадці вырашаць.

 

Коля, студэнт, 23 гады: Я не вельмі вопытны ў гэтых справах. Не вельмі ў курсе, што гэта такое (мясц. саветы – рэд). Асабліва не веру ў гэтыя выбары. Улада ўсё роўна напічкае Саветы сваімі людзьмі. Нават, калі пройдуць добрыя асобы не думаю, што яны змогуць нешта змяніць.

 

Віка, лейтэнант міліцыі, 33 гады: Я лічу, што выбары ні на што не ўплываюць – усё ўжо даўно вырашана. Гэта фармальнасць. Не пайду, бо ад мяне нічога не залежыць. Даўно не хаджу – мне гэта ўсё брыдка.


Ірына Іосіфаўна, пенсіянерка, 80 год: Канешне, пайду, я абавязана, я яшчэ жывы чалавек. Патрэбны добры ўрад, каб нашыя дзеці, унукі жылі лепш, чым мы.У мясцовыя саветы я ніколі не звярталася сама. А ў савецкі час было гэтак жа, як і зараз. Я сама сядзела калісьці ў выбарчай камісіі, лічыла галасы. І тады не звярталася. Няхай працуюць.

Фота charter97.org