Свята, якое заўсёды з табой

|

Сапраўды, дзе можа быць больш бяспечна, чым у месцы, дзе нікога няма або нічога нельга? Напрыклад, турма – вельмі бяспечнае месца, ідэальнае, калі трэба ад кагосьці схавацца. Там парадак і дысцыпліна, такія патрэбныя нашаму кансерватыўнаму грамадству.

 

Але вернемся да Дня Бяспечнага Інтэрнэту. Паколькі ён закладае традыцыю святкавання навамодных, незвычайных святаў, варта падумаць, якія яшчэ новаўвядзенні нас чакаюць. Ніжэй, у храналагічным парадку, мае прапановы дзяржаўнай актыўнасці ў святочныя дні.

 

Спачатку пашукаем крыніцы натхнення для новых дэкрэтаў. Ідэальным днём будзе 8 студзеня – Дзень Прыбірання на Працоўным Стале. Колькі ж забытых, згубленых сярод кубкаў кавы, нататнікаў і кніг, а галоўнае самабытных (кілішак за самабытную!) ідэй можна знайсці падчас навядзення парадку.

 

Пачнем з таго, што прапусцілі ў гэтым годзе, але навярстаем у наступным: 26 студзеня – Дзень Жартаў у Працы. Чым кепскі жарт, быццам да нас едзе Камітэт Дзяржкантролю? Яшчэ Гогаль у «Рэвізоры» паказаў нам, як цудоўна на працоўную атмасферу ўплываюць такія нечаканыя навіны. Таму, мараторый на праверкі – добры жарт перад «франтавой атакай» кантралёраў.

 

Дзень Півавара, што прыпадае на 25 траўня, наадварот, пачалі адзначаць ужо тры гады таму, калі для прадукцыі піва дазволілі выкарыстоўваць толькі беларускі солад. Каб падтрымаць традыцыю і беларускае піваварэнне, можна пайсці далей: абавязаць півавараў працаваць толькі на айчынных тэхналогіях ці прыняць які дэкрэт, каб унармаваць колькасць пены ў куфлі.

 

18 жніўня – Дзень Кепскай Паэзіі. Звычайныя людзі ў гэты дзень пішуць прымітыўныя, графаманскія вершыкі і агідныя паэмы, дораць іх сябрам і разам смяюцца. А вось службова абавязаным не да смеху, яны напружваюць мазгі, каб прыдумаць яшчэ больш дзейсныя метады змагання з «дэструктыўнай арганізацыяй, сяброўства ў якой несумяшчальна з працай у дзяржаўных установах». Паэзія, якая падкопвае маральныя устоі нашага грамадства, не пройдзе!

 

Святаў, прысвечаных касмічнай прасторы, знайшлося ажно тры: 12 красавіка – Міжнародны Дзень Авіяцыі і Касманаўтыкі, 21 траўня – Сусветны Дзень Космаса і 20 ліпеня – Дзень Пакарэння Месяца. Кожны з гэтых дзён – ідэальная дата для запуску ў космас новай, стабільнейшай БелКі, а, мо, нават і першага беларускага (а не савецкага) касманаўта. Выбіраць можна сярод тых чыноўнікаў, якія нядаўна раптам «стаміліся» і папрасілі аб спакойнай працы. А дзе ж спакойней, чым на арбіце? Гэта толькі ў лукасаўскіх «Зорных Войнах» чуваць выбухі ў космасе. А насамрэч там вакуум, цішыня і спакой, ідэальныя ўмовы працы для перанапружаных нерваў былых губернатараў.

 

Сусветны Дзень Турызму, які адзначаецца 27 верасня, павінен прысутнічаць у календарах усіх ведамстваў. Мы ж – жыхары горада-музея – можам даць прыклад, будучы наперадзе краіны ўсёй у развіцці турыстыкі! Восеньскае свята стане добрай нагодай адкрыць яшчэ некалькі турыстычных інфа-цэнтраў, якія не працуюць. Можна адкрываць іх два ці тры разы, у залежнасці ад колькасці замежных гасцей, і нават у тым самым памяшканні, калі, раптам, прыдзецца ашчаджаць на арэндзе.

 

Парадаксальна, напярэдадні святочнай шопінга-маніі, то бок 29 лістапада, адзначаецца Дзень без Пакупак. Калі ўвесці хаця б некалькі такіх абавязковых дзён у кожным месяцы, можна істотна падлатаць дзіравыя фонды, з якіх выплочваецца зарплата бюджэтнікам. Бо калі гэта сапраўды шчыры дзень без пакупак, а мы гэткія дысідэнты з дробнамяшчанскага грамадства спажывання, то навошта нам грошы?

 

За колькі дзён да Новага Году, 29 снежня, мае месца Сусветны Дзень Біялагічнай Разнастайнасці. Тэма, вядома, занадта агульная, не абыдзецца без рэгуляцыі ў дэкрэце. Можна на заканадаўчым узроўні зменшыць разнастайнасць відаў, напрыклад, у рацэ ці там у якім лесе. Адразу будзе менш праблем з надакучлівымі эколагамі і іншымі нібыта грамадскімі актывістамі. Можна будаваць хоць ГЭС, хоць АЭС, хоць ЖЭС (пасярод Белавежы). Тым больш, у пераднавагодняй бегатні ніхто нічога не заўважыць.

 

У канцы, парушаючы храналогію, вернемся да апошняй пятніцы ліпеня. Гэта Дзень Сісадміна – хіба што самае чаканае намі свята. Чаму? Ды проста можна спадзявацца, што хітравумныя адміны абыйдуць усе перашкоды, пастаўленыя ў Сеціве дзяржавай. Тады нагодаў для тэкстаў, як гэты, будзе менш. Гэта дадае надзеі, што Дзень Адпачынку для Сапсаваных Нерваў – 28 кастрычніка – мы святкаваць не будзем.

 

З.Ы. Прапаную чытачам інтэрпрэтаваць у беларускіх рэаліях наступныя цікавыя святы: Дзень Замены Батарэек, Дзень Сну на Працоўным Месцы, Сусветны Дзень Лічбы Пі і Сталай Авагадра, Міжнародны Дзень Свядомасці Пагрозы Шуму, Міжнародны Дзень Змагання з Пустынямі і Засухай, Міжнародны Дзень Ляўшы, Дзень Непунктуальнасці, Сусветны Дзень Размаўляння як Пірат, Дзень Крыку з Нагоды Расчаравання…