Румлёва – раён яраў і цяжкай паркоўкі

У Румлёва шмат «няпоўных» вуліц, а дакладней – частак вуліц і праспектаў: вул.Гая, Фамічова, праспекты Кляцкова і Янкі Купалы. Апошні працягнуўся ад вуліцы Перамогі да павароту на вуліцу Кабяка. З аднаго боку – універсам «Брэст», ДУП «Аўтобусны парк №1», гарадская клінічная бальніца № 4, гасцініца «Турыст». З другога боку – зялёныя кварталы Румлёва.

За мінулы год уздоўж праспектаў з’явілася шмат забораў, якія агароджваюць тэрыторыі будучых будынкаў. Вядома, што на пляцоўцы каля бальніцы № 4 з’явіцца вялікі забаўляльны цэнтр з кафэ, гандлёвай залай, месцамі для гульняў і г.д.

А вось лесапарк Румлёва, не гледзячы на велізарныя скрыні для смецця, напоўнены бытавымі і будаўнічымі адходамі. У вядомых румлёўскіх ярах можна ўбачыць старыя халадзільнікі, кавалкі крэсел і лавак, паламаныя турнікі. Шмат хворых дрэў.

Румлёва не абдзелены транспартам, ходзяць тут тралейбусы, аўтобусы і маршрутныя таксі, але ў час пік вельмі цяжка дабірацца дадому і на працу. Многія жыхары з задавальненнем успамінаюць той час, калі… рамантаваўся Стары мост, і весь транспарт хадзіў праз мост Румлёўскі.

А вось што кажуць румлёўцы пра свой раён:

Міхаіл: Некалькі разоў я рабіў заўвагі супрацоўнікам магазіна «Румлева» за тое, што кошт на цэнніках адрозніваецца ад кошту на чэку.

Вадзім: Мяне непакоіць, што за апошнія гады пытанне паркоўкі так і не вырашана. Бывае, што нават удзень няма дзе «прыткнуць» свой аўтамабіль.

Людміла: За домам № 81 па праспекце Янкі Купалы рабочыя праводзілі рамонтныя работы. Ужо месяц, як яны адтуль зышлі, а няроўна закапаная зямля, паламанае дарожнае пакрыццё і часовыя пешаходныя масты засталіся.

Андрэй: Мне вельмі хочацца, каб нашыя яры прывялі ў добры стан і каб адрамантавалі старую вежу, якая ўжо на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў стаіць сіратой у мясцовым лясным парку.

Яраслаў Васілеўскі

Фота аўтара