Вінтоўкі, “максімы”, кулямёты і пісталеты ў школах Гродзеншчыны

|

Акцыя УКДБ па Гродзенскай вобласці па праверцы зброі, якая заховаўваецца ў музейных вітрынах і запасніках, дала нечаканыя і сур’ёзныя вынікі, паведамляе “Рэспубліка”. Толькі ў музеі адной з школ Дзятлаўшчыны праваахоўнікі знайшлі кулямёт “максім”, аўтаматы ППШ і МП-38/40, чатыры вінтоўкі Мосіна. Уся зброя трапіла ў музей без правядзення крыміналістычных экспертыз і захоўвалася без адпаведнага ўліку. Гэтаксама без экспертыз і ўліку трапілі ў школьны музей у Слоніме яшчэ адзін “максім”, аўтамат ППШ, вінтоўка, 50-міліметровая міна і граната, у музеях школ Воранаўшчыны экспанаваліся 6 пісталетаў, 2 кулямёты, 2 артылерыйскія снарады, у Гродна – 5 вінтавак часоў Вялікай Айчыннай вайны.

Ва ўпраўленні КДБ па Гродзенскай вобласці паведамілі, што канфіскавалі ўсяго па рэгіёне 29 адзінак зброі, 2 артылерыйскія снарады, адна міна і ручная граната былі прызнаныя ўзрыванебяспечнымі, іх абясшкодзілі.

Калі музей стаіць на дзяржаўным уліку, то ўсё, што звязана са зброяй, мусіць мець ліцэнзію і адпаведныя ўмовы для захавання зброі – наяўнасць сігналізацыі, адпаведнага абсталявання. Гэта тычыцца як фондасховішчаў, так і экспанатаў на вітрынах. Школьныя музеі не з’яўляюцца ведамаснымі, у іх не можа быць зброі. Аднак калі прыносяць вынайдзеныя старыя адзінкі зброі, то яны як бы не ўяўляюцца сур’ёзнай небяспекай і іх выстаўляюць у школьных музеях. Аднак лічыцца, што тэарэтычна іх можна адрамантаваць, таму канешне зброю трэба забіраць, – мяркуе навуковы супрацоўнік Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея Андрэй Вашкевіч.