Вынікі рэгістрацыі: у пасялковых саветах – адзін лішні

|

На Гарадзеншчыне па розных прычынах не прайшлі рэгістрацыю ў якасці кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў 63 чалавекі – адпаведную інфармацыю агучыла абласная выбарчая камісія. З 3032 жадаючых атрымаць дэпутацкі мандат 22 чалавекі адклікалі свае заявы, 40 не прайшлі рэгістрацыю, адзін кандыдат памёр.

Асноўнымі прычынамі нерэгістрацыі грамадзян у якасці кандыдатаў у дэпутаты сталі несапраўдныя дадзеныя ў дэкларацыях аб прыбатках і парушэнні выбарчага заканадаўства пры зборы подпісаў. Сярод прадстаўнікоў апазіцыйных партый найбольшае прадстаўніцтва паводле абласной выбарчай камісіі ў беларускай партыі левых «Справядлівы свет» – 10 чалавек.

Лічбы абласной выбарчай камісіі сведчаць аб тым, што на выбарчых акругах усіх узроўней сярэдняя лічба жадаючых авалодаць дэпутацкімі мандатамі не перавышае 2 чалавекі, а ў пасялковыя саветы па 173 акругах вылучана 174 кандыдаты, што сведчыць аб безальтэрнатыўнасці выбарчай кампаніі ў Прынёманскім рэгіёне.

Паводле Радыё Рацыя