Гадзіннік, які спыніць нельга
І мне ўвесь час казалі, што «ён сыйшоў», альбо «прыйдзе толькі раніцай да 6 гадзіне», альбо «вам не трэба з ім размаўляць». Я вырашыла – пайду ў апошні раз, не атрымаецца – значыць, такі лёс…У мінулы аўторак а пятай раніцы (!) я сядзела каля Фарнага касцёла і чакала сама не ведаю чаго. Раптам, быццам ніадкуль з’явіўся чалавек. Ён падыйшоў да мяне, спытаў, ці ні тая я дзяўчына, што тры дні спрабуе да яго дастукацца. Гэта быў мой таямнічы гадзіншчык!
Іосіф Ясюкевіч вельмі даўно прыглядае за гадзіннікам, і не быў здзіўленым, што я зацікавілася ім.
– Шмат людзей хацелі патрапіць туды, у вежу, але нельга. Для цябе зраблю выключэнне, зарабіла – за ўпартасць і настойлівасць.
Няўжо я ўбачу гадзіннік знутры?!
Іосіф Міхайлавіч адчыніў цяжкія дзверы: вузкая вінтавая лесвіца з 134-мя стромкімі прыступкамі, вельмі цесны праход. Страшна! Потым тоненькая лесвічка, ледзь здольная утрымаць дваіх. Але мой правадыр адважна вядзе мяне да вартавога механізму, распавядаючы аб сваёй спецыяльнасці.
– Няправільна будзе назваць маю прафесію «гадзіншчык». Дакладней яна будзе гучаць так: наглядальнік і майстар па абслугоўванні вежавага гадзінніку. Вельмі рэдкая спецыяльнасць, нават ва ўсёй Еўропе.
Ледзь дыхаючы, я ступіла на апошнюю прыступку і ўбачыла… Штосьці! Металічная шафа ці нешта накшталт яе, у вышыню 2 метры з паловай. Мы абыйшлі «шафу» вакол і падыйшлі да таго боку, дзе яна была адчыненая. Я з асцярогай увайшла ўнутр. Няпросты механізм аказваецца! Куча дэталяў. І ўсе яны бачныя, кожную можна падрабязна разглядзець, нават памацаць. Рычагі і тросы, некалькі дзесяткаў шасцерняў, надзетых на валы. Двухмятровы маятнік вагаецца спакойна і павольна, яго рэгулярна заводзіць Іосіф Міхайлавіч.
– Гэта кола, якое фіксуе маятнік. Калі толькі я спынюся, то вось той вялікі груз зваліцца уніз. Ён важыць 70 кілаграмаў. Раней замест гір карысталіся камянямі.
– А як часта трэба праводзіць такую працэдуру?
– Праз кожныя 30 гадзін. Але я тут – кожны дзень. Гадзіннік і пачысціць трэба, і падкруціць. Адзін з галоўных гадзіннікаў Еўропы павінен паказваць дакладны час.
Мы падымаемся на ярус вышэй. Сюды ад механізму цягнуцца перадаткавыя тросы і валы. Усё гэта – у сярэдзіне вежы, на самым версе. А я знаходжуся побач! З’явілася страшэннае жаданне памацаць цыферблат рукой. І вартавых спраў майстар, нібы чытаючы мае думкі, сам прапанаваў мне гэта. Ён выняў авальную раму, і я дакранулася да «часу».
– Хочаш паглядзець на званы?
– Вядома!
І яшчэ адна лесвіца: драўляная і яшчэ больш стромкая, чым вінтавая. Пачуццё, што я ўжо на нябёсах (а калі без лірыкі – у 50 метрах ад зямлі). А вось і званы, адзін вялікі і два маленькіх.
align=”left” >– Тыя, што паменш, адбіваюць чвэрці, а вялікі – вартавы. Як толькі хвілінная стрэлка паказвае чвэрць гадзіны, раздаецца адзін падвойны бой, паўгадзіны – два бою, тры чвэрці – тры бою і роўна гадзіна – чатыры. Пасля гэтага вялікі звон б’е столькі раз, колькі гадзін…
На гэтым экскурсія была скончана. Трэба спускацца з нябёс на зямлю. Так хочацца захаваць у сабе кожнае імгненне: я зблізку ўбачыла цуд нашага гораду. Гадзіннік на Фарным касцёле – амаль самы стары ў Еўропе, ён занесены ў Кнігу рэкордаў Гінэса, ён перажыў усе войны, ён кажа аб тым, што наш час яшчэ не спыніўся.