У кожным раёне – па 60 новых аграсядзібаў. Утопія?

|

Такія лічбы былі агучаныя сёння на семінары ў Гродне, прысвечаным перспектывам развіцця аграэкатурызма на Гарадзеншчыне.

За апошнія тры гады колькасць агратурыстычных гаспадарак на Гарадзеншчыне вырасла больш як у 10 гадоў.

Як паведаміў удзельнікам семінару намеснік старшыні абласнога ўпраўлення па фізкультуры, спорту і турызме Міхаіл Кажура, урад распрацоўвае новыя стратэгіі развіцця аграэкатурызма ў краіне.

Побач з прыватнымі аграсядзібамі павінны з’явіцца агратурыстычныя комплексы, створаныя на базе калгасаў.

Гэта дазволіць стварыць у вёсцы новыя працоўныя месцы. Па планах урада, у кожным раёне краіны павінны працаваць па 2 такія комплексы.

Апроч таго, у кожнай вобласці краіны павінен быць створаны як мінімум 1 новы этнаграфічны музей.

Плануецца таксама “замацаваць” па 2-3 аграсядзібы за санаторыямі, якія знаходзяцца непадалёк. Гэта дазволіць павялічыць колькасць людзей, якія карыстаюцца лячэбнай базай санаторыяў.

Для павелічэння колькасці новых агратурыстычных гаспадарак улады Гарадзеншчыны гатовыя прадаваць ледзь не за базавую велічыню закінутыя старыя сядзібы, але з умовай іх поўнай рэстаўрацыі.

Не ўсе, аднак, падзяляюць аптымізм уладаў у плане рэзкага роста колькасці новых гаспадарак.

Нельга прымусіць дзіця вырасці за адно лета на 30 см! Трэба думаць таксама пра стварэнне ўмоваў для развіцця агратурыстычнага бізнеса. Напрыклад, пра спрашчэнне візавага рэжыма для іншаземцаў – выказала сваё меркаванне прысутная на семінары кіраўніца грамадскага аб’яднання “Адпачынак у вёсцы” Валерыя Кліцунова.

Удзельнікі семінара ў прыватных размовах скардзіліся таксама на шматлікія бюракратычныя перашкоды ў развіцці бізнесу на вёсцы, на безініцыятыўнасць мясцовых чыноўнікаў.

Буру ў залі выклікаў выступ прадстаўніцы “Белаграпрамбанку”, якая папракнула ўладальнікаў аграсядзібаў, якія бралі банкаўскія крэдыты, у тым, што крэдытаатрымальнікі не выходзяць на заяўленыя ў сваіх бізнес-планах паказчыкі па колькасці прынятых турыстаў і атрыманага ад іх прыбытку.

Гаспадары сядзібаў абураліся складанымі працэдурамі атрымання крэдытаў, умовамі іх пагашэння.

Удзельнікі семінара плануюць абмеркаваць сёння магчымасць арганізацыі ў розных рэгіёнах Гарадзеншчыны турыстычных кластэраў, дзе можна было б наладзіць комплекснае абслугоўванне турыстаў.

Такі досвед ёсць ужо ў некаторых іншых рэгіёнах краіны.

 

Фота: kamenets.by