Рэгістраваць давядзецца нават электронныя паштовыя скрыні

Міністэрства сувязі і інфарматызацыі распаўсюдзіла падрабязнае тлумачэнне палажэнняў Указа №60 “Аб мерах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегменту сеткі Інтэрнет” і пастановы Саўміну №644 аб рэгістрацыі беларускіх інтэрнет-рэсурсаў. Тады і стала вядома пра магчымую меру адказнасці парушальнікаў згаданага Указу.

 

Як заявіла Мінсувязі, зараз распрацоўваецца праект закона, які будзе прадугледжваць адміністрацыйную і крымінальную адказнасць за парушэнне Указа №60 аб урэгуляванні байнету. На форуме Мінсувязі можна пазнаёміцца з тыповымі пытаннямі і адказамі, датычнымі нацыянальнага сегменту сеткі Інтэрнет.

 

Мінсувязі таксама пацвердзіла, што рэгістравацца мусяць і электронныя паштовыя скрыні, якія размяшчаюцца ў зарэгістраваным даменным імені.

 

У той жа час група беларускіх інтэрнет карыстальнікаў звярнулася з адкрытым лістом да прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, у якім просіць адмяніць падпісаны ім 1 лютага 2010 года ўказ № 60 «Аб мерах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегмента сеткі інтэрнет».

 

Ліст прэзідэнту размешчаны на спецыяльна створаным сайце ukaz60.net. Падкрэсліваецца, што дадзены інтэрнет рэсурс створаны «для прыцягнення ўвагі грамадскасці да праблем і перспектыў развіцця нацыянальнага сегмента сеткі інтэрнет. Сайт ні ў якім выпадку не нясе ў сабе якой небудзь палітычнай падаплёкі».

 

Як падкрэсліваюць аўтары звароту, на гэты момант указ мае шэраг відавочных для актыўных інтэрнет карыстальнікаў слабых месцаў, нягледзячы на прыняцце шэрагу пастановаў Саўміну, якія закліканы растлумачыць Указ №60.

 

Асноўная сутнасць праблемы — розныя прачытанні, і нават прадстаўнікі адказных структур не гатовы даць адказы на шэраг пытанняў.

 

На дадзены момант пад зваротам да кіраўніка дзяржавы падпісалася ўжо больш за 1.200 чалавек.

Па матэрыялах «Ежедневник.by» і “Нашай нівы”