Выстава для нерэальных студэнтаў

Мерапрыемства, якое пазіцыянуецца як “адкрыты праект для прагрэсіўнай і адэкватнай моладзі” ў першую чаргу арыентавана на студэнтаў, але прыняць удзел у ім могуць усе ахвотныя ва ўзросце ад 16 да 30 год. Прыняць удзел – гэта не толькі наведаць выставу, а таксама прадставіць тое, што чалавек любіць і ўмее рабіць. Прычым неабавязкова рукамі. Сярод экспанатаў – карціны, фота, каллажы, інсталяцыі і інш. Пры адборы экспанатаў не было аніякіх патрабаванняў ні да жанра, ні да мастацкага ўзроўню. Арганізатары кіраваліся толькі адным прынцыпам – паказаць тое, што цікава студэнтам і даць ім магчымасць праявіць сябе.

 

Выстава «UnReal Student Life» гучна заявіла пра сябе ў 2008 годзе, калі ўпершыню адкрылася ў Мінску, у музеі кіно. Перфомэнсы, паэтычныя слэмы, выступы музыкаў – кожны дзень сотні наведвальнікаў збіраліся, каб не прапусціць самае цікавае. Прыкладна тое ж, але з большым размахам адбылося ў 2009 годзе.

 

На 2010 год арганізатары паставілі сабе новую задачу – паказаць выставу ў іншых гарадах краіны, паказаць творчасць мінскай моладзі і далучыць да праекта студэнтаў рэгіянальных навучальных установаў і скончыць 2010 год вялікім арт-фэстам у Мінску. Гродна гэта сёмы горад, у які завітала выстава. Каардынатар выставы Аляксей Лукашэвіч:

Пры планаванні гарадоў, дзе мы думалі рабіць выставу, Гародня была тым горадам, дзе нам вельмі хацелася і цікава было б выставіцца, бо ведаем, што горад багаты маладымі і таленавітымі людзьмі. Таму вельмі радыя, што «UnReal Student Life» даехала і адчынілася ў вас! Даставайце тое, што рабілася “для сябе”, складзіравалася на балконах, пад ложкамі і прыносце нам – мы раскажам пра вас краіне! Наперадзе яшчэ колькі гарадоў і фінальная выстава ўвосень у Менску. Усе працы вяртаюцца потым аўтарам.

 

Выстава праходзіць ў холе 2-га паверха Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта ім. Я. Купалы. Працягнецца мерапрыемства да 10 чэрвеня.

Здымак з /community.livejournal.com/4asapopi3