Дзяўчыну з-пад колаў цягніка ўратавалі

7 чэрвеня ў Маладзечанскае аддзяленне ўнутраных спраў на транспарце патэлефанаваў дзяжурны па станцыі Ашмяны з паведамленнем, што апоўначы на 883 кіламетры станцыі Ашмяны 24-гадовая мясцовая жыхарка кінулася пад грузавы цягнік Маладзечна-Кена (Літва). З шматлікімі траўмамі дзяўчыну адвезлі ў шпіталь.

 

За колькі дзён да гэтага ўжо ў Гродзенскае аддзяленне ўнутраных спраў на транспарце прыйшло паведамленне, што на 788 кіламетры прыпынку Далёкія перагону Скрыбаўцы – Ліда скончыў жыццё самагубствам 21-гадовы непрацоўны жыхар вёскі Далёкія Лідскага раёна, які кінуўся пад цягнік Гродна-Гомель.

 

Па дадзеных Міністэрства аховы здароўя, сёння псіхічныя і паводніцкія расстройствы рэгіструюцца ў 10% дарослага насельніцтва, а сярод усіх пацыентаў першаснага медыка-санітарнага звяна пакутуюць на якія-небудзь псіхічныя расстройствы ўжо 20%. Пры гэтым назіраецца рост псіхічных захворванняў. Як вынік, назіраеццаа і рост суіцыдаў – у 2009 годзе ў Беларусі зафіксавана 28,3 выпадкі на 100 тысяч насельніцтва, тым часам паводле стандартаў сусветнай арганізацыі аховы здароўя высокім лічыцца ўзровень, які перавышае 20 выпадкаў на 100 тысяч насельнікаў. Напрыклад, у Еўропе фіксуецца каля 17 выпадкаў, паведамляе ej.by.

 

У сувязі з крытычнай сітуацыяй беларускі парламент прыняў у другім чытанні праект Закона “Аб аказанні псіхалагічнай дапамогі“. Чакаецца, што гэты дакумент зможа пераламіць неспрыяльную сітуацыю з псіхічнымі расстройствамі беларусаў.