Прафесія – дырэктар дому

На самой жа справе прац і прафесій такое мноства! Бываюць і самыя нечаканыя. Напрыклад, старшыня жыллёвага кааператыву. Шмат цікавага распавёў мне знаёмы «дырэктар дому» Генадзь Дзмітрыевіч Малашэвіч. Праца яго, як аказалася, не найлягчэйшая, але далёка і не самая сумная: 13 гадоў стажу навучылі працаваць з жыхарамі і не раз «падкідвалі надзвычайныя» сітуацыі.


– Які самы цікавы выпадак адбыўся за гэтыя гады?

– На гэтай працы наогул не засумуеш… У кожным доме ёсць свае «белыя вароны». У мяне ў адным пад’ездзе жывуць адразу тры чалавекі, мякка кажучы, з дзівацтвамі. Адна нават у адміністрацыю Ленінскага раёну скаргу на мяне пісала, маўляў, яна мяне баіцца, паколькі я яе… збіваю. А я да яе бліжэй, чым на 20 метраў ні разу не набліжаўся. І зараз імкнуся не падыходзіць.

 

– У чым спецыфіка гэтай працы?

– У стасунках з самымі рознымі людзьмі (і па ўзросце, і па адукацыі, і па іншых паказчыках) і вырашэнні гаспадарчых праблемаў. Напрыклад, наш дом нідзе не лічыцца на тэхнічным абслугоўванні. Усё «вісіць» у паветры і на маіх плечах. Мне нават прыйшлося ўзяць на сябе адказнасць за электраправодку, хаця вельмі гэтага не хацелася… Але іншага кандыдата не знайшлося. Зрэшты, калі па «электрычнай» частцы трэба камусьці ў хаце дапамагчы, я ніколі не адмаўляю.

 

– Ці было вам за што-небудзь сорамна?

– Калі сапраўды, мне вельмі сорамна, што наш дом адзін з нешматлікіх у горадзе, дзе ў большасці пад’ездаў дагэтуль няма дамафонаў. Праўда, я спрабаваў іх усталяваць, але для гэтага трэба вызначаная колькасць подпісаў жыхароў. У гэтым уся загваздка! Людзі, у прынцыпе, былі не супраць. Але адна бабуля доўга думала і надумала – а калі раптам пачнецца пажар, і дзверы з дамафонам «заклініць» (падаецца, з чаго б?), то ніхто не зможа выйсці з пад’езда. Гэтыя свае высновы яна распавяла ўсім пажылым сяброўкам. А тыя ў сваю чаргу тут жа выказаліся супраць дамафона. Вось і не магу з імі нічога зрабіць…

 

– Што асабліва «выбітнага» вы зрабілі за 13 гадоў свайго «кіравання»?

– Калі ў гэты дом усяляліся нашыя бацькі, яны адразу ж пасадзілі вакол вялізную колькасць дрэў. Вядома, гэта добра, калі вакол усё зялёнае і прыгожае. Але гэтыя дрэвы выраслі, і птушкі сталі віць на галінках гнёзды. Карканне стаяла проста невыноснае. Было нешта падобнае на парк імя Жылібера. Але там хоць стаяць прылады, якія адганяюць варон! І гэта толькі паўбяды. Калі ў птушак выводзіліся птушаняты, то праходзіць побач стала проста небяспечна. Дарослыя асобы спрабавалі літаральна «задзяўбсці» мінакоў. Жыхары прасілі мяне спілаваць гэтыя дрэвы. Каб спілаваць хоць бы адно дрэва, трэба абыйсці 5 інстанцый. Нарэшце сабраў усе подпісы і пячаткі. Але пілаваць аказалася… няма каму. Тады я сам узяў пілу і адправіўся на «лесапавал». Самае цікавае, нават і тады знайшоўся чалавек, які патэлефанаваў у «Гродзенскую праўду» і распавёў аб тым, як я спілаваў дрэвы, якія так падабаліся дзецям. Вядома, было трохі крыўдна.

 

– А сабранні праходзяць спакойна?

– Па – рознаму. Але за трынаццаць гадоў я ні разу не змог сабраць тую колькасць людзей, якая патрабуецца для прыняцця якіх-небудзь важных рашэнняў. Я і аб’явы вывешваў, і пакватэрна хадзіў, запрашаў. Усё роўна большасць не прыходзіць. А прымаць рашэнні без кворуму нельга, потым пачынаюцца пытанні. Вельмі нервовая гэта праца.

 

– І які ж заробак у старшыні?

– У кожным кааператыўным доме па-рознаму. Асабіста я атрымліваю трохі больш за 300 тысяч. У некаторых заробкі па 500 – 600 тыс. Матывы таксама розныя бываюць. Напрыклад, камусьці «трэба шмат ездзіць» і, адпаведна, сыходзіць шмат грошай на бензін. Праўда, у такім разе маглі б выпісаць сабе ў гарвыканкаме праязны… Так можна і шрубалёт сабе набыць і патрабаваць у людзей аплаты за газу…

 

– Дзякуй. І пажадаем вам больш спрыяльных момантаў і добразычлівых жыхароў.