Сяргей Лазараў павіншуе гродзенцаў з Днём Незалежнасці

Праграму святкавання Дня Незалежнасці ў Гродна можна паглядзець тут. Падчас святочнай вечаровай акцыі кампанія “Velcome” прадставіць бясплатны канцэрт расейскага спевака Сяргея Лазарава і гурт “Вінтаж”, паведаміла карэспандэнту “Твайго Стыля” супрацоўніца аддзелу ідэалагічнай працы гродзенскага гарвыканкама Людміла Патракова. 

 

У беларускай гісторыі гэта ўжо другая дата агульнадзяржаўнага свята Дня Незалежнасці. Першай такой афіцыйнай датай было 27 ліпеня, калі ў 1990 годзе Вярхоўны савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце. У верасні 1991 году ў гонар гэтай падзеі было прынята рашэнне аб увядзенні агульнадзяржаўнага свята Рэспублікі Беларусь Дня Незалежнасці 27 ліпеня. Гэтае свята як устойлівая традыцыя адзначалася па 1996 год. 

 

Цікава, што спачатку былі прапанаваныя дзве даты – 25 сакавіка, калі ў 1918 годзе была абвешчана незалежнасць БНР, і 1 студзеня, калі ў 1919 годзе абвясцілі ўтварэнне БССР, згадвае ў сваім артыкуле дацэнт кафедры гісторыі і культуралогіі Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Аляксандр Каданчык. Але тут сутыкнуліся палітычныя сімпатыі дэпутатаў, у выніку абмеркавання быў знойдзены кампрамісны варыянт – найбольш прымальнай для грамадства датай агульнадзяржаўнага свята Дня Незалежнасці палічылі дзень прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР.

 

У 1996 годзе прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на рэферэндуме сярод іншых ініцыянаваў пытанне “Аб перанясенні Дня незалежнасці Беларусі на 3 ліпеня”. Рэферэндум, які адбыўся 24 лістапада 1996 года, гэтую прапанову падтрымаў (“за” выказалася 88,18% выбарнікаў). Такі перанос быў патлумачаны тым, што 3 ліпеня 1944 года ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў была вызвалена сталіца савецкай Беларусі Мінск. 3 ліпеня з 1997 года дагэтуль адзначаецца як свята Дня Незалежнасці Беларусі.

Здымак з fcgomel.ucoz.ru