За каго прагаласуюць беларусы: вынікі апытання

Галоўнае пытанне гучала: “Набліжаюцца чарговыя выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Некаторыя палітыкі і грамадскія дзеячы ўжо заявілі (ці, магчыма, заявяць) аб намеры вылучыць на іх сваю кандыдатуру. Калі іх імёны апынуцца ў выбарчым бюлетэні, за каго б Вы прагаласавалі?»

У адсотках адказы размеркаваліся наступным чынам:

За дзеючага прэзідэнта прагаласавала б амаль палова апытаных – 48,3%. Бліжэй за ўсіх да Аляксандра Лукашэнкі падабраўся лідэр руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч са сваімі 9,9%.

Аляксандр Казулін, які на час апытання яшчэ не зняў сваю кандыдатуру, меў бы 7.5%.

Падтрымка Сяргея Гайдукевіча і Алеся Міхалевіча складае менш за 5%.

Сяргей Калякін, Аляксандр Ярашук, Уладзімір Някляеў, Віталь Рымашэўскі, Яраслаў Раманчук маглі б лічыць на падтрымку ў межах ад двух да аднаго адсотка апытаных.

Менш за адзін адсотак прыхільнасці маюць Мікалай Статкевіч, Лявон Баршчэўскі і Андрэй Саннікаў.

Пры чым кожны кандыдат упэўнены ў сваіх сілах. Як нядаўна падлічыла “Белгазэта“, першая чацвёрка лідэраў апазіцыі разлічвае на даволі вялікую колькасць галасоў. Калі скласці іхныя прагнозы, то выйдзе акурат 240%. Але ж апытанне НІСЭПД вяртае многіх кандыдатаў з нябёсаў на зямлю.

Сярод названых палітыкаў і грамадскіх дзеячоў не знайшлі свайго кандыдату 2.3% апытаных.

Не змаглі адказаць 17% апытаных.

У апытанні ўдзельнічала 1516 чалавек.