Колькі ўражанняў у секунду
Люблю назіраць за людзьмі, глядзець на горад і ягоную забудову. Уражанні ад Гародні шматбаковыя, іх немагчыма разглядаць як асобныя карцінкі, толькі разам яны складаюцца ў поўны вобраз.
Калі была ў Гародні ўпершыню, не паспела пабыць нават у чвэрці тых мясцін, у якіх мне давялося быць цягам ліпеня. Пасля шматлікіх вандровак засталося захапленне Нёманам. Сёлета магла глядзець на яго з розных куткоў гораду і вырашыць, што найбольш падабаецца акружаны дрэвамі, калі ў’ецца недзе на ўскрайках.
Люблю старую, аўтэнтычную забудову, якая сведчыць пра гісторыю любога месца. Таму не захапляюся ненатуральна ператвораным цэнтрам Гародні, хаця спачатку не магла акрэсліць сваіх адносін да яго. Пасля некалькіх шпацыраў зразумела, аднак, што лепш было б пакінуць Стары Горад у спакоі (альбо змяняць яго выгляд з розумам), чым разбураць сапраўдную забудову і на яе месца ставіць новыя дамы. Хтосьці расказваў пра Гародню перад пачаткам рэканструкцыі і я засумавала, што не атрымалася яе пабачыць.
У дворыкаў ёсць свая магія, яны вяртаюць мяне ў час даўніны, з’яўляюцца часткай гістарычнай спадчыны. А яшчэ мне вельмі спадабаліся дамы са светлай цэглы на вуліцы Будзёнага і белыя дошкі з назвамі вуліц у той жа ваколіцы.
Пішучы пра ўражанні не магу абмінуць раёну, у якім жыву – Вішняўца. Калі ўпершыню пабачыла тыя шэрыя шматпавярховікі, падумала, што трапіла ў самае нуднае месца ў горадзе. Паўсюль высокія дамы і шэрыя пад’езды, выдатна! Зараз прывыкла і мне пачало падабацца, асабліва кветкі і клумбы, якіх ніхто не нішчыць, а таксама людзі, якія да ночы сядзяць на двары. Дарэчы, дзякуючы ўсходнееўрапейскаму часу, тут ясна даўжэй чым у нас!
Гародня гэта не толькі архітэктура, гэта таксама моманты, дэталі, якія робяць нашае жыццё весялейшым, цікавейшым. Кампосцеры, па якіх трэба ўдарыць, каб пракампасціраваць квіток у першы раз выклікалі задуменнасць – як гэта зрабіць? Прыпынкі без раскладу руху грамадскага транспарту і олдскульная даведка на аўтавакзале. Талеркі з чырвонай зоркай у сталоўцы і смачны боршч там жа. Нашае любімае «Асцярожна, дзверы зачыняюцца. Наступны прыпынак – кінатэатр Усход» і аглушальная папса ў маршрутцы.
Дзесяткі маладых, якія стаяць у чарзе, каб сфоткацца на мосце ў парку Жылібера і Ленін побач з імі. Каты, якіх прыкмечаю ў самых розных месцах: чорна-белы, які спаў пад лавачкай на прыпынку, альбінос, які адпачываў на машыне ці шэры кот, што шпацыраваў па вуліцы Батанічнай. Усё гэтае ўплывае на мой погляд на Гародню і, увогуле, Беларусь. Уплывае і на тое, што слова «дом» асацыюецца з Гародняй, што пачынаю адчуваць сябе яе часткай.
У мяне столькі думак пра людзей, колькі я іх сустрэла ў Гародні. Адныя пра штодзённых мінакоў, другія пра прадаўцоў ці кіроўцаў, а яшчэ іншыя пра супрацоўнікаў і знаёмых. Часам нельга не аднесціся да стэрэатыпаў, не пагадзіцца з імі. На вуліцы ўвагу прыцягваюць яскравыя персоны, правакацыйна апранутыя дзеўкі і мужчыны з, па словах сяброўкі, фрызурай а ля чэскі футбаліст. Хутчэй за ўсё прыкмечу чалавека, які паводзіць сябе голасна, некультурна.
З другога боку я ўражаная ветлівасцю мінакоў, якія, не ведаючы мяне, ахвотна дапамагаюць – паказваюць дарогу, маршрут траліка ці падказваюць забытае слова. Гэта яшчэ не Кракаў, дзе жыхары, убачыўшы турыста, адразу падыходзяць да яго і прапануюць дапамагчы, але ўсё ж гэта прыемна. Кіроўцы прыпыняюць машыну, каб прапусціць пешахода – зараз гэта здаецца зусім нармальным, хаця дома заўжды мушу выбіраць – перабягаць вуліцу ці доўга чакаць.
Здзіўляе незвычайная, па-мойму, сталасць маладых беларусаў, у маіх вачах яны ўжо ў даволі маладым узросце думаюць пра сям’ю, працу і будучыню. Я не прыхільніца таго, каб ісці замуж рана, а тут штодзень ля ЗАГСу бачу маладзенькіх мужоў і жонак. Калі размаўляю з людзьмі, якім крыху за дваццаць, у параўнанні з маімі польскімі знаёмымі яны выглядаюць інакш, у іх адрозныя планы ды мэты.
Дзякуючы цудоўным людзям і карысным абставінам, за гэты месяц змагла зрабіць і ўбачыць шмат. Удзельнічала ў гарадзенскім Купаллі, была на некалькіх канцэртах, даведалася шмат новага. Доўга пералічваць. Цікаўнасць водзіць мяне па розных месцах дзеля лепшага знаёмства з Гародняй і Беларуссю. Спадзяюся, што наступыя два месяцы ў горадзе святога Губерта не будуць менш багатымі на адкрыцці і прыгоды.