«Справа АЛМИ»
ТС вырашыў правесці асабістае расследаванне і ўпэніцца так гэта, ці не.
Удзельнікі абмеркавання ўсе (52 чалавекі!), як адзін сцвярджалі, што кошт на цэнніках не супадаў з тым, які яны аплочвалі ў касах. Ініцыятар абмеркавання не выйшаў са мной на сувязь, і я не змог пагаварыць з ім дакладна. Таму я і стаў, як на працу, хадзіць у гіпермаркет і правяраць наўзгад прадукты па чэках і коштах. Глядзеў у асноўным на тыя прадукты, якія ўзгадваліся ў каментарах. На жаль, ці наадварот – на шчасце, ніякіх парушэнняў не выявіў. Можна дапусціць, што калі гіпермаркет і ашукваў, то ашукваў «пісьменна» – менавіта падчас навагодніх святаў, калі натоўп людзей і мітусня гэтаму спрыяюць. Або проста адміністрацыя памылілася ў цэнніках, як спрабавала мяне ўпэўніць адміністратар Марына Валер’еўна Федаровіч.
Што далей? А далей – трэба паглядзець кнігу скаргаў і прапаноў. І ўсё стане на свае месцы. Чарговы раз заходжу ў гіпермаркет і пытаю ахоўніка, дзе можна знайсці адміністратара. Ён паказвае на «Інфа-цэнтр». Адтуль мяне адправілі да жанчыны, якая сядзела побач. Жанчына строга запытала:
– Навошта вам адміністратар?
– Трэба, – унікліва адказаў я, каб не «адкрываць карты».
– Разумееце, у нас такое правіла, што мы не злучаемся з адміністратарам, калі не ведаем прычыны, па якой вы хочаце да яе звярнуцца, – ветліва растлумачылі мне.
І тады я прызнаўся ў мэце свайго візіту. І адразу «разлічыўся» за гэта:
– Вас падманулі?
– Мяне – не.
– Тады выбачайце, я не магу паказаць вам кнігу. Кнігу мы выдаем толькі для запісу заўваг або прапаноў.
– Добра, але паклічце, калі ласка, адміністратара.
Тактыка дыялогу змянілася…
– Ведаеце, у нас ужо скончылася некалькі кніжак, вы нічога не знойдзеце.
– Разумееце, – спрабую растлумачыць, – калі вы адмаўляецеся даць мне кнігу, то гэта амаль пацвярджае тое, пра што пішуць людзі ў Інтэрнэце.
Дзяўчына памаўчала хвіліну і запатрабавала журналісцкае пасведчанне. Дастаю школьнае пасведчанне журналіста з подпісам дырэктара…
Праз хвіліну нарэшце з’яўляецца адміністратар, патрабуе пасведчанне і пытае аб маім візіце. Пачынаю тлумачыць спачатку, і вось – кніга скарбаў і прапаноў перада мною: некалькі падзяк, некаторыя заўвагі па дробязях і вось запіс ад 21-га лютага… У заўвазе гаворыцца, што кошт на цэнніку не адпавядае кошту па штрых-кодзе. І зноў паўстаюць дзве версіі: альбо памылка, альбо махлярства.
Далей – ні адной падобнай заўвагі. Ці можа яны засталіся ў тых кніжках, што, па словах першай маёй субяседніцы, «ужо скончылася»? Адміністратар не дазволіла мне ўзяць дадзеныя скаржніка (закрыла прозвішча рукой).
І на заканчэнне яшчэ пра адну заўвагу – аднаму спажыўцу не давалі кнігу заўваг і прапаноў каля 8 хвілін. Восем хвілін патрабаваць кнігу можа толькі ці вельмі настойлівы, ці вельмі пакрыўджаны чалавек.
Калі хтосьці з вас, паважаныя чытачы, можа прывесці свае прыклады, звяжыцеся, калі ласка, са мной па адрасе: [email protected]
Святас Ляўчук
Фота аўтара