Фаст-фуд па-гарадзенску

Месціцца гарадзенскі МакДональдс на «п’яным рагу» на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў (такая назва па-беларуску зафіксавана на шыльдах і так яе па-беларуску аб’яўляюць ў тралейбусах).

 

Раней тут знаходзілася блінная – улюбёнае месца начных таксоўшчыкаў і гасцей клубу «Flint», якіх пасля развазілі па дамах тыя самыя таксоўшчыкі. Назва гарадзенскага фаст-фудаўскага міні-кафэ – «Колобки», пра што сведчыць папера на дзвярах. Тое, што ты ў «Колобках» можна даведацца па плакатах для падносаў, стос якіх раскіданы ля касы. Праўда, падносаў усяго – … адзін – ён брудны і ляжыць каля сметніцы. На сметніцы надпіс: «я съем ваш мусор». Адсутнасць падносаў з’яўляецца праблемай для тых гасцей, якія шмат чаго замовілі. На маіх вачах, ў хлопца з рук пасыпаліся на падлогу соўсы, бульба фры і разлілася кока-кола…

 

Асартымент разнастайны: ёсць што і выпіць і закусіць. Праўда, кока-колу, спрайт, фанту наліваюць з бутэлек у пластыкавыя кубачкі. Добра, што няма ў продажы алкаголю. Магчыма, «п’яны рог» перастане быць п’яным і стане цвярозым?

 

У міні-кафэ працуе тры касы. Адна каса, якая адгароджаная ад астатніх, спецыялізуецца на курыцы. У ёй можна замовіць курыныя крыльцы, цыпляня-грыль, чыкенбургер трох відаў (фірмовы, востры, звычайны). Для бліноў, хот-догаў (якія залічаныя да сэндвічаў), гамбургераў, чызбургераў працуюць астатнія дзве касы. Гамбургер, вы можаце абраць вялікі ці малы, падаецца з гарнірам. На пытанне, што ўключае ў сабе гарнір пачуў адказ – «там капуста.. там морковка…там майонез…». Мяне здзівіла, што ў розных касах кошт на «каву амерыкана» розны: 1910 у адной і 1950 у іншай!

 

Замову прымаюць і выконваюць дзяўчаты-супрацоўніцы. Калі ў Макдональдсе супрацоўнікі шмыгаюць па кухні як маланкі, мясцовыя дзяўчаты асаблівай хуткасцю не вызначаюцца: штосьці цікавае абмяркоўваюць, ці на тваіх вачах перакусваюць…Пакуль я дачакаўся гамбургеру, мой таварыш паспеў замовіць і з’есці свой чыкенбургер…

 

У рэстарацыях хуткага харчавання існуюць строгія стандарты на вырабляемую ежу. Большасць прадукцыі павінна рабіцца на вагах. Тут – стандарт «на вока» дзяўчыны, што прымае замову.

 

Пад’есці вы можаце або седзячы на канапе за столікамі, якія стаяць па кутах залі, або за барнай стойкай. Дарэчы, месцы за столкім – « для самых маленькіх». Барныя стойкі нязручна размешчаныя каля сценкі з люстрам. Адчуваю сябе героем амерыканскага кіно, дзе забіты жыццём герой прыходзіць у бар і за кілішкам размаўляе з бармэнам да наступлення катарсісу. Тут жа даводзіцца размаўляць з самым разумным і прыгожым чалавекам – з уласным адбіткам у люстры.

 

«У вас убирают?» – Запытаўся малады чалавек. – «У нас – самообслуживание. Клиенты сами за собой должны убирать». Добрае правіла, якога, на жаль, не прытрымліваюцца кліенты. На паверхні сталоў застылая кава, крыхты, скарыстаныя сурвэткі. Скарыстаныя кубачкі, сурвэткі і абгорткі «з’ядае» сметніца, а рэшта застаецца на сталах…

 

Даваць адзнаку гарадзенскаму макдональдсу – міні-кафэ «Колобки», карыстаючыся сталічнымі стандартамі, магчыма, не зусім аб’ектыўна. Я веру, што колькасць кафэ хуткага харчавання ў Гродна павялічыцца. Асартымент і сэрвіс у такіх кафэ праз пэўны час будзе на належным, якасным узроўні.