Універсітэт Залатога Веку прымае гасцей і збірае слухачоў

Пачатак працы па арганізацыі новага «акадэмічнага году» для слухачоў «Універсітэту Залатога Веку» ў Гродне супаў з прыездам дэлегацыі з Уроцлаўскага Ўніверсітэту Трэцяга Веку.

 

Гэты Ўніверсітэт справіць у наступным годзе сваё 35-годдзе. Штогод на заняткі ў ім запісваецца каля 750 сталых жыхароў гораду.

 

У Гродне госці з Польшчы знаёміліся з дзейнасцю гарадзенскага «Ўніверсітэту Залатога Веку», які пачаў працаваць з мінулай вясны па ініцыятыве сябраў грамадскага аб’яднання «Цэнтр «Трэці сектар».

 

 

Знаходжанне ў горадзе зрабіла моцнае ўражанне на гасцей.

 

Станіслава Вармуз, сябра Рады па справах сталых людзей пры адміністрацыі Ўроцлава:

 

– Горад вельмі ўражвае: чысты, зялёны, прасторны. Людзі вельмі ветлівыя, часта ўсміхаюцца, а на польскай мове цябе зразумеюць амаль заўсёды.

Жыццё ідзе тут сваім рытмам. Людзі нібыта нікуды не спяшаюцца. У цэнтры ёсць старыя адрэстаўраваныя і прыгожыя будынкі – усе без графіці, што нас здзіўляе.

У час экскурсіі па горадзе мы ўбачылі шмат месцаў, звязаных з гісторыяй Польшчы і палякаў.

Для нас яны важныя, бо гэта і нашая гісторыя, а для мясцовых людзей гэта сучаснасць.

 

Марыся Рудніцка, Дом сустрэч імя Ангеліўса Сілезіўса, Ўроцлаў:

 

– Я падумала, што Гродна – горад нібыта выразаны з каляровай паперы – ціхі, чысты і мірны. У першую ноч я пайшла адна шпацыраваць і адчувала сябе бяспечна.

 

Ад польскіх гарадоў Гродна адрозніваецца меншай колькасцю людзей і машын на вуліцах.

 

Я думаю, што гэта звязана з тым, што людзі больш засяроджаныя на сямейных справах і рэдка сустракаюцца ў цэнтры гораду. Кінулася таксама ў вочы невялікая колькасць бараў і рэстаранаў.

 

У Польшчы існуе стэрэатып пра брудную, небяспечную і бедную Беларусь. Аднак у маіх вачах яна не вельмі адрозніваецца ад маёй краіны. Вядома, тут кепска развітая турыстычная інфраструктура – мала, напрыклад, беларускіх ці гарадзенскіх сувеніраў.

 

Затое на кожным кроку, ва ўсіх установах падкрэсліваецца беларускасць. Дзяржаўныя сцягі можна заўважыць не толькі ў машынах, але нават у аўтобусах. У школах вісяць карты, гербы і сцягі Беларусі.

 

Доктар Аляксандр Кабылярэк, кіраўнік Універсітэту Трэцяга Веку пры Ўроцлаўскім універсітэце:

 

– Паўгады таму я быў у Львове і гэта было маё першае падарожжа за ўсходнюю мяжу Польшчы.

 

Думаў, што Гродна будзе падобным на гэты ўкраінскі горад, але памыліўся. Нягледзячы на тое, увесь час гляджу на Гродна праз «львоўскія» акуляры.

 

Горад дагледжаны, жанчыны добра апранутыя. Людзі тут не спяшаюцца – затое ў Львове, як і ва ўсёй Еўропе, назіраецца няспынная гонка. Там не хапала магчымасці проста пашпацыраваць.

 

Я рыхтаваўся ўбачыць горад са старымі, нізкімі будынкамі– падобны на Лодзь ці Люблін і таму мяне здзівіла тое, што амаль увесь цэнтр адрэстаўраваны, хоць там не хапае дрэваў. Ну і культ сацыялізму – чырвоныя зоркі, Ленін. Дзіўна.

 

У час візіту польскай дэлегацыі ў Гродна былі арганізаваныя дзве адкрытыя лекцыі, прысвечаныя ролі Ўніверсітэтаў Трэцяга Веку ў інтэлектуальнай, грамадскай і фізічнай актывізацыі сталых людзей, сустрэча са студэнтамі і выкладнікамі факультэту псіхалогіі Гарадзенскага ўніверсітэту імя Янкі Купалы. Адной з самых яркіх падзеяў у час візіту стаў майстар-клас па гімнастыцы Тай-Чы і гімнастыцы мозгу ў выкананні Эльжбеты Паўлік (на здымку справа).

>

 

Прыём заяваў на ўдзел у гарадзенскім «Універсітэце Залатога Веку» будзе доўжыцца да канца верасня.

 

Запоўніць альбо атрымаць анкету можна ў офісе грамадскага аб’яднання «Цэнтр «Трэці сектар» па вул. Будзённага, 48а-11 (тэл. 75-71-72).

 

Заняткі ў межах «Універсітэту Залатога Веку» (УЗВ) ў Гродне пачнуцца ў сярэдзіне кастрычніка.

 

Апроч агульных лекцый, трэнінгаў, гасцёўняў, якія будуць адбывацца два разы на месяц, слухачоў УЗВ чакаюць разнастайныя секцыі па інтарэсах – кампутарныя курсы, ёга, «Акадэмія мастацтваў Залатога Веку», фота, «Жыццёвы дзённік», «Беларускія вячоркі», цыкл экскурсій па горадзе і г.д.