Гродна далучыцца да міжнароднага экалагічнага руху

|

10 кастрычніка аб’яўлены глабальным днём дзеяння ў рамках кампаніі, у аснове якой ляжыць простая ідэя: дзейнічаючы разам, кампаніі, школы, універсітэты, арганізацыі, асобныя хатнія гаспадаркі могуць дамагчыся 10-адсоткавага паніжэння выкідаў вуглякіслага газу ўжо ў 2010 г.

 

Мэта кампаніі – гэта лічба 350, што азначае 350 часціц вуглякіслага газу на мільён часціц паветра – бяспечны ўзровень вуглякіслага газу,  які не прыводзіць да зменаў клімату.

 

Беларусь таксама далучылася да ўдзелу ў Сусветным дні дзеяння.

 

Мерапрыемствы ў рамках глабальнага экалагічнага руху пройдуць і ў Гродне.

 

Як паведаміла старшыня гарадзенскай экалагічнай ініцыятывы “Green sun”, якая дзейнічае пры гарадзенскім універсітэце імя Янкі Купалы Кацярына Чарнак, 6 і 7 кастрычніка пройдуць два семінары “Экалагічны след” і “Роля энергазахавання ў змяненні клімату” для студэнтаў і ўсіх тых, хто цікавіцца экалагічнай праблемай.

Першы семінар пройдзе на вуліцы Даватара 27 (універсітэцкі інтэрнат), другі – на Даватара 3/1 (корпус факультэта біялогіі і экалогіі).

 

10 кастрычніка пройдзе суботнік для студэнтаў факультэта біялогіі і экалогіі.

 

– Сэнс акцыі ў тым, каб паказаць, што змяненне клімату – гэта праблема, якую неабходна вырашаць разам. Трэба прыцягваць да дзеянняў не толькі эколагаў, але і другіх людзей, – распавяла арганізатар акцыі Кацярына Чарнак.

 

– Гэта будзе наш унёсак у паляпшэнне кліматычнай сітуацыі. Робячы нешта на мясцовым узроўні, мы можам зменшыць экалагічную праблему на глабальным, – дадала Кацярына ў размове з карэспандэнтам “Твайго стылю”.

 

Фота з сайту  http://www.350.org