Гарадзенцы назіралі за птушкамі
Адна з іх была арганізавана ў Гродне, у парку Жылібера.
Кажа Дзмітрый Вінчэўскі, арганізатар акцыі:
– Асноўная наша мэта – прыцягнуць увагу людзей да таго, што каля нас жывуць такія прыгожыя істоты, што ў іх таксама ёсць свае праблемы, сваё жыццё…
Гэта акцыя адбываецца ў 30 краінах Еўропы. Трэцяга кастрычніка ўсе дадзеныя будуць апрацаваныя, і тады высветліцца, колькі відаў птушак адзначана на працягу гэтых дзён, колькі людзей прыняло ўдзел у акцыі.
>
А людзей было нямала. Сапраўды, немагчыма было мінуць гэту выставу.
У вочы адразу кінуліся фотаздымкі птушак, размешчаныя проста на камянях. Кожны фотаздымак мае свой характар, сваю гісторыю…
Вось каршун моцна трымае ў дзюбе сваю здабычу.
– Гэта ж трэба злавіць момант, каб зрабіць такі здымак! – здзіўляецца адна з наведвальніц выставы.
Маю ўвагу прыцягнулі незвычайныя прыборы кшталту падзорных трубаў. З іх дапамогай можна было паназіраць за жыццём птушак у рэчцы, а калі знаходзіліся ахвотнікі прасачыць за палётам птушак, ім смела выдаваўся бінокль.
У гэты сонечны дзень на акцыі прысутнічала шмат дзетак, якія прыйшлі са сваімі мамамі.
Ірына, удзельніца акцыі: “Гэта нечакана, прыемна. Я гуляла з дачкой у парку, і нас запрасілі паўдзельнічаць”.
– Мне вельмі спадабалася, я ўпершыню трымала ў руках бінокль! – з захапленнем кажа дачка Ірыны.
– Нам з унукам вельмі спадабалася гэта акцыя. Часцей бы такія праводзіліся! – дадае Надзея Аляксееўна.
Акцыя па назіранні за птушкамі ладзілася ў Беларусі ўжо 11 раз.
Яе арганізатарамі з’яўляюцца сябры грамадскага аб’яднання “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.
Фота: Дзмітрый Вінчэўскі, http://birdwatch.by