Адчыніце! Да вас прыйшла казка…

|

А таксама перамовы з разбойнікам, прысвячэнне ў доблесныя рыцары і чароўныя дамы сэрца, песні каля вогнішча ў кампаніі з князёўнамі…Незвычайна і таямніча, калі ў тваё жыццё грукаецца казка! Тым больш, калі жыццё тваё на казку ну зусім не падобнае!

 

У мінулую суботу гарадзенская ініцыятыўная група «Ружовы слон» разам з сябрамі з ЮНЭСКА зладзіла чарговую паездку з дзеткамі-сіротамі, на гэты раз у Свяцк. Паездка атрымалася вельмі цікавая, насычаная і незвычайная!

 

Залатое надвор’е, лёгкі марозік з раніцы нас, ой, як падбадзёрваў! Пачалося ўсё з экскурсіі і легендаў Свяцка. Адначасова мы арганізавалі прастору каля вялікіх валуноў для лялечнага тэатру.

>

Дзеці ўзялі ініцыятыву ў свае рукі і пачалі самастойна паказваць свае спектаклі! Там было ўсё: і каханне, і здрада, і перамога дабра над злом. Дзецям так спадабалася гэтая справа, што было цяжка адцягнуць іх ад лялек. Але ў нас гэта ўсё ж такі атрымалася, і мы пайшлі танчыць сярэднявечныя танцы.

Нягледзячы на тэхнічныя праблемы з музыкай, танцы прайшлі весела і з пачуццём. Пасля абеду салдацкай кашай і гарбатай, прыгатаваных у кацялках на вогнішчы, пачалася самая цікавая частка нашага падарожжа…

 

Дзеці, разбіўшыся на дзве каманды, пачалі шукаць скарб на тэрыторыі Свяцка. Мы падрыхтавалі для ніх цэлую прыгодніцую праграму з рознымі конкурсамі, выпрабаваннямі і гульнямі. Трэба было, выконваючы розныя заданні, сабраць усе кавалкі карты і па ёй знайсці месца, дзе схаваны скарб. Дзеці былі проста ў захапленні ад «мокрай» справы, якую ім загадаў выканаць разбойнік (перакінуць лінію шарыкам, напоўненым вадой), ад прыгод з бурклівым гномам, які, ну, ніяк не хацеў проста так аддаць ім кавалачак карты, ад сустрэчы з дзвюма прыгожымі княжнамі, якія таксама падрыхтавалі для іх выпрабаванні. Усё праходзіла весела, з гумарам!

Калі карта была сабрана, і дзеці знайшлі чаканы скарб, адбылася прыгожая цырымонія пасвячэння хлопчыкаў у рыцары, а дзяўчатак – у дамы сэрца! Захавальніца кодэксаў гонару і дзённіка князёўны прачытала па 9 правілаў, якія павінны выконваць сапраўдныя рыцары і сапраўдныя дамы сэрца.

Дзеці былі проста ў шоку і нечакана для нас вельмі сур’ёзна паставіліся да гэтага. Хлопчыкаў пасвячалі рыцарскім мячом, а дзяўчатак – анёлкам.

Перад ад’ездам у Гродна мы яшчэ паспелі пасядзець каля вогнішча, пасмажыць шашлыкі і паспяваць песні. Не хацелася выходзіць з гэтай казкі і вяртацца ў шэрыя гарадскія будні. Мы сядзелі непадалёк ад маленькага возера і маглі назіраць, як сонца, адлюстроўваючыся ў вадзе, коціцца да вечара. Усё, пара збірацца ў дарогу!

 

Пасля паездкі засталося такое файнае цёплае адчуванне таго, што ты дакрануўся да цуда…