Акцыя з удзелам прэтэндэнта

| Без катэгорыі

Тут жа можна было пакінуць подпіс і за Андрэя Саннікава, Рыгора Кастюсёва, Уладзіміра Някляева. Магчыма, перашкодзіў дождж, але зацікаўленых было не шмат.

 

Зборшчыкі подпісаў распавялі, што ў параўнанні з мінулай выбарнай кампаніяй значна больш людзей прыходзяць падпісвацца за альтэрнатыўных кандыдатаў. Падпісваюцца не толькі за аднаго, але і адразу за ўсіх магчымых, толькі бы супраць Аляксандра Лукашэнка.

>

Жыхары Гродна ахвотней падпісваюцца за Я. Раманчука, таму што ён «свой», гарадзенскі, і па прафесіі эканаміст. А гэта вельмі важна, асабліва зараз, у часе эканамічнага крызісу. Каля 12 гадзін на Скідальскі рынак прыехаў і сам Яраслаў Раманчук, каб паразмаўляць з людьзмі і пазнаёміць іх са сваёй выбарчай праграмай.

 

Па яго словах, адным з пунктаў праграмы з’ўляецца падтрымка беларускай мовы: «Беларуская мова, наша культура і гісторыя з’яўляюцца вялікімі каштоўнасцямі. Беларуская мова павінна ўваходзіць у жыццё не прымусам, а праз адукацыю, кіно, СМІ, радыё, телебачанне і г.д.». Па меркаванні прэтэндэнта ў кандыдаты, дзякуючы такому падыходу людзі праз 3-5 гадоў будуць выбіраць паміж дзвюма мовамі менавіта беларускую. Важна, каб гэты працэс быў паступовым.

 

Я. Раманчук абяцаў таксама адмяніць размеркаванне для выпускнікоў ВНУ і наблізіць адукацыю да балонскай сістэмы (калі дыплом сапраўдны ва ўсіх краінах Еўразвязу). Адным з важных пунктаў яго праграмы з’яўляецца праект «Адкрытая краіна», у межах якога Раманчук плануе, з аднаго боку, аднавіць добрасуседскія адносіны з Расіяй і Ўкраінай, асабліва ў эканамічнай галіне. З іншага – увайсці ў Еўразвяз. Як вядома адной з умоў для гэтага з’яўляецца адмена смяротнай кары. Беларусь – адзіная краіна ў Еўропе, дзе гэтая норма адсутнічае. Наступны крок – атрыманне статусу краіны з рынкавай эканомікай і вольным гандлем з ЕЗ.

 

Гэты шлях не просты, патрабуецца мадэрнізацыя ўсёй сістэмы эканомікі, але прэтэндэнт абяцаў з ўсім зладзіць, калі яго вылучаць прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Да 30 кастрычніка лісты з дзесяткамі тысяч подпісаў, сабраныя ініцыятыўнымі групамі, павінны трапіць у выбарчыя камісіі.