У Гродне правяраюць подпісы і ствараюць выбаркамы

|

Як паведаміў сайт http://spring96.org , фармаванне ўчастковых камісій па Гродзенскім раёне (усяго іх 40) на паседжанні райвыканкаму заняло толькі 7 хвілін.

Па ўжо звыклай завядзёнцы спісы персанальнага складу не зачытваліся, а прапанаваныя кандыдатуры не абмяркоўваліся.

Усяго ў раёне працаваць у камісіях гэтага ўзроўню будуць 25 прадстаўнікоў “Белай Русі”, 24 – БРСМ, 37 – Беларускага саюзу жанчын, 101 вылучэнец розных дзяржаўных прафсаюзаў, 4 чалавекі прапанаваныя працоўнымі калектывамі, а таксама 280 чалавек, вылучаных шляхам збору подпісаў і падавання адпаведных заяў.

 

8 лістапада стануць вядомымі вынікі праверкі сабраных ініцыятыўнымі групамі подпісаў.

Спраўдзіць мусяць як мінімум па 20% подпісаў, сабраных за кожнага з кандыдатаў.

 

Па звестках праваабаронцаў, вынікі кампаніі па зборы подпісаў на Гродзеншчыне наступныя:

У выбарчыя камісіі здадзена каля 23000 подпісаў за кіраўніка “Еўрапейскай Беларусі” Андрэя Саннікава, з іх 17000 – толькі ў абласным цэнтры.

За Яраслава Раманчука падпісаліся каля 15700  чалавек, Уладзіміра Някляева падтрымалі каля 12700, з іх 7000 у самім Гродне.

За Рыгора Костусева ў вобласці сабрана каля 7500 подпісаў, з іх каля 6000 у Гродне; за Віталя Рымашэўскага – каля 10000 ( у Гродне – 3500).

 

Праваабаронца Віктар Сазонаў паведаміў Радыё Рацыя:

У Саннікава і Някляева сапраўды вельмі вялікая падтрымка была, людзі падыходзілі на пікетах, падпісваліся.

Людзі былі салідарныя таксама і з іншымі прадстаўнікамі ад апазіцыйных структур – людзі з задавальненнем падпісваліся і за Раманчука, і за Кастусёва.

Сабраныя колькасці залежаць таксама і ад таго, якія каманды былі ў гэтых людзей, якая была падрыхтоўка, наколькі яны былі мабільныя і наколькі яны правільную стратэгію абралі.

Як паказала практыка, не было гэтага на мінулых выбарах – людзі вельмі ахвотна падпісваліся на пікетах, і калі не мелі з сабою пашпартоў, дык прыходзілі назаўтра для таго, каб падпісацца.

Таму той, хто абраў стратэгію пікетаў – ён у выйгрышы аказаўся.

 

На сёння ў кандыдаты па пасаду Прэзідэнта прэтэндуюць 11 чалавек:

А.Лукашэнка (1,113 мільёна подпісаў), Р.Костусеў (107 тысяч), А.Міхалевіч (каля 120 тысяч), У.Някляеў (161 тысяча), У.Правальскі (109 тысяч), Я.Раманчук (128 тысяч), В.Рымашэўскі (105 тысяч), А.Саннікаў (150 тысяч), М.Статкевіч (117 тысяч), У.Цярэшчанка (122 тысячы), Д.Усс (110 тысяч).

 

На фота: пікет па зборы подпісаў

Фота з сайта http://dec19.org