Кірмаш без удзелу «абарыгенаў»

|

Як паведаміў старшыня Дэпартамента па меліярацыі і воднай гаспадарцы Гродзенскай вобласці Юрый Аколаў, у Гродзенскай вобласці існуе толькі адна рыбная гаспадарка – Смаргонскі «Рыбгас Солы». Для параўнання – у Брэсцкай вобласці іх 5. І звязана гэта з працэсамі меліярацыі, што праводзяцца на балоцістай мясцовасці ў тых краях.

  

   

Асноўнымі прадаўцамі жывой рыбы з’яўляюцца рыбныя гаспадаркі Брэсцкай і Мінскай вобласці: ААТ «Рыбгас Палессе» Пінскага раёна, ААТ «Рыбгас Лактышы» Ганцавіцкага раёна, ААТ «Рыбгас Чырвоная Слабада» Салігорскага раёна, ААТ «Доследны рыбгас Сялец» Бярозаўскага раёна, ААТ «Рыбгас Днепрабугскі» Драгічынскага раёна.

 

На кірмашы можна было купіць карпаў, шчупакоў, карасёў, белых амураў, таўсталобіка і асятроў. Самай папулярнай рыбай былі карась і шчупак: у другі дзень кірмашу знайсці іх ужо было немагчыма. Стронгу і сцерлядзь на кірмаш не прывезлі, бо гэтыя пароды рыб небяспечна перавозіць на далёкія адлегласці. Стронзе патрабуецца вялікая прастора, халодная вада і кісларод, а сцерлядзь вылучае шмат слізі падчас транспарціроўкі.

 

Кошты на рыбу – самыя розныя, але танней, чым у гарадскіх крамах. Напрыклад, кошт на карпа ў залежнасці ад памеру складаў ад 5190 да 7490 рублёў за 1 кг, на асётра – 35000, на таўсталобіка – 5200, на амура – ад 5200 да 7490 рублёў, на шчупака – 6900 рублёў.

 

Беларускія рыбныя гаспадаркі займаюцца пастаўкамі жывой рыбы не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і прадаюць яе ў Расію і краіны Еўразвязу – Літву і Латвію. Тры беларускія рыбныя гаспадаркі маюць дазвол Рассельгаснагляду на пастаўку жывой рыбы ў Расію. На цяперашні момант ААТ «Доследны рыбгас Сялец» заключыў кантракт з галандцамі.

 

На кірмашы ў продажы ў гродзенскіх гандлёвых прадпрыемстваў можна было сустрэць і свежамарожаную марскую рыбу: гарбушу, селядзец, кільку, скумбрыю.

 

Аднак не ўсё так добра. Як аматар і рыбны гурман, я не ўбачыла на кірмашы абарыгенных відаў рыб, такіх як лешч, судак, рыбец і вусач.

>

«У Беларусі няма рыбагадавальнікаў, якія займаюцца развядзеннем абарыгенных відаў рыб, таму і на кірмашы іх няма, – распавядае дырэктар ААТ «Рыбгас Днепрабугскі» Мікалай Ярошчык. – Развядзенне ляшча даволі выдатковая і працаёмкая справа. Яму патрабуюцца добрая праточная вада i хуткая плынь. У Беларусі для абарыгенных парод не распрацоўваецца камбікорм».

«У бліжэйшыя 5 гадоў у планах адміністрацыі Гродзенскай вобласці – пабудаваць стронгавыя гаспадаркі. Чыстыя вадаёмы і клімат гэтаму вельмі спрыяюць, – паведаміў Юрый Аколаў. – Калі прыватнік створыць фермерскую гаспадарку і зоймецца гадоўляй абарыгенных парод, г. зн. створыць гадавальнік, яму дастаткова вырошчваць малявак. Купляюць гэты рыбапасадачны матэрыял уладальнікі вадаёмаў або іх арандатары, якія потым за злоўленую рыбу атрымліваюць плату з рыбакоў. Для развядзення абарыгенных парод рыб у нашай краіне патрабуюцца вялізныя капіталаўкладанні і дапамога дзяржавы».

Фота аўтара