Душпастарства апекі Папы Рымскага
Яго арганізатарам і капеланам з’яўляецца кс. Павел Салабуда, галоўны рэдактар каталіцкай газеты «Слова жыцця».
Спатканні супрацоўнікаў СМІ адбываюцца кожную першую нядзелю месяца. Спачатку журналісты разам моляцца падчас святой імшы ў Пабрыгіцкім касцёле, а пасля знаёмяцца і размаўляюць за кавай і гарбатай.
Святым патронам новага душпастарства з’яўляецца Слуга Божы Ян Павел II. «Святы Айцец вельмі любіў журналістаў і заўсёды ахвотна сустракаўся з імі», – кажа кс. Павел, – таму мы павяраем наша душпастарства яго апецы.
Плануецца, што для журналістаў-католікаў будзе арганізавана эксурсія «Слядамі Яна Паўла ІІ». Гэты выезд паспрыяе лепшаму знаёмству з асобай Святога Айца, дасць магчымасць пазнаёміцца з культурай суседняга краю, а таксама сустрэцца з дасведчанымі журналістамі і пераняць іх вопыт.
На чарговай сустрэчы, якая адбылася 7 лістапада, кс. Павел распавёў пра свой выезд на Кангрэс каталіцкіх сродкаў масавай інфармацыі ў Рым, а пасля пазнаёміў журналістаў з каталіцкай прэсай Беларусі. Не засталася без увагі і тэма свабоды слова. Прысутныя прыпомнілі, што ў рэйтынгу «Свабоды слова», якое штогод рыхтуе арганізацыя «Рэпарцёры без межаў», Беларусь займае 154 месца са 178.
align=”right” >Увогуле сустрэча прайшла ў досыць цёплай і прыязнай атмасферы, ужо сама асоба святара стварала аўру спакою і даверу. Мне асабіста было вельмі прыемна пазнаёміцца з новымі людзьмі, іх поглядамі на журналістыку і жыццё ўвогуле. Спадзяюся, такіх сустрэч у нас будзе шмат.
Вельмі важна, што яны будуць зарыентаваны не толькі на дасведчаных журналістаў, але і на тых, хто толькі пачынае свой шлях у СМІ. Кожны жадаючы зможа навучыцца працаваць з камерай, мікрафонам і інтэрнэт-старонкай альбо пісаць артыкул у газету. Такія перспектывы асабліва зацікавілі студэнтак 1-га курса факультэта журналістыкі ГрДзУ імя Янкі Купалы, якія таксама прыйшлі на сустрэчу душпастарства. А Інна Грышук, карэспандэнтка «Вечернего Гродно», падзялілася спадзевам на тое, што такія сустрэчы дапамогуць неяк зблізіць гарадзенскіх журналістаў, якія не вельмі сябруюць адзін з адным. «Можа хоць у гэтых сценах яны не будуць пачуваць сябе канкурэнтамі», – сказала Інна.