Дзясяцікласнік з Берасцейшчыны “замінаваў” дом у Гродна

|

Увечары да адной з жыхарак дома №151а па вул. Соламавай на мабільны тэлефон пазваніў невядомы і паведаміў, што дом замінаваны. Жанчына адразу патэлефанавала ў міліцыю. На месца прыехалі хуткая дапамога, выратавальнікі МНС, група размінавання вайсковай часткі. Жыхароў 151га і суседняга 186га дамоў эвакуявалі. Цягам некалькіх гадзін сапёры даследавалі будынак, але нічога не знайшлі. Паралельна шукалі, хто званіў.

 

У рэшце аператыўнікі высветлілі, што “мінаваў” гродзенскі дом дзясяцікласнік з Іванаўскага раёна Берасцейскай вобласці. Папярэдне, школьнік набраў выпадковы нумар мабільнага тэлефона, трапіў да жанчыны з Гродна і паведаміў пра фальшывае мінаванне. Падлетка затрымалі і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Ягоным бацькам давядзецца кампенсаваць усе выдаткі па працы аварыйна-выратавальных служб. У адносінах да падлетка ўзбудзілі крымінальную справу.