Аматары жыцця. Частка 1

| Без катэгорыі

У пасляваенныя савецкія гады – у гады жалезнай заслоны і халоднай вайны, наш чалавек мог задаволіць смагу падарожжаў і экстрыму, сплаўляючыся па рэках неабсяжнага Саюзу ці ўзыходзячы на горныя вяршыні Грузіі і Абхазіі.

 

Слова «турыст» тады было авеяна рамантычным арэолам: такі нястомны шукальнік прыгод з заплечнікам і гітарай, які адмовіўся ад выгод цывілізацыі дзеля новых адчуванняў. Турызм быў накшталт спорту і меў некалькі катэгорый складанасці.

 

Гэта была цэлая эпоха актыўнага паломніцтва са сваёй культурай і філасофіяй. Усім вядомая бардаўская песня бярэ свае вытокі з імправізацый турыстаў, якія на вячэрніх стаянках каля вогнішча пад гітару спявалі пра складанасці і рамантыку паходаў, пра прыгажосць жывой прыроды, пра сяброўства і каханне.

 

Зараз, калі перад беларусам адкрытыя ўсе межы, а выбар краіны для адпачынку і падарожжаў абмяжоўваецца толькі аб’ёмам наяўных грашовых сродкаў, шэрагі адважных заваёўнікаў рэк і горных вяршыняў прыкметна парадзелі, а слова «турыст» набыло банальнае значэнне «адпачывальнік».

Але ўсё ж засталіся яшчэ адданыя прыхільнікі байдарачных паходаў, закаханыя ў доўгія водныя пераходы на вёслах, якія з гумарам адносяцца да капрызаў прыроды і адсутнасці нават прымітыўных бытавых умоў. Гэта – пра нас, нашу згуртаваную каманду байдарачнікаў-аматараў, якая кожны год з нецярпеннем чакае дня пачатку паходу, дбайна рыхтуючыся і плануючы новы маршрут. З захапленнем успамінае ўсе падрабязнасці кожнага паходу і выконвае тайныя правілы кодэксу ўсіх сапраўдных турыстаў-воднікаў.

>

Дазвольце прадставіцца! Мы – гэта нашыя сябры Наташа і Павел Архангельскія, нашае сямейства – я, Сяргей і двое дзяцей «у камплекце» – Лёша і Даша і нават адзін пляменнік Паша, а таксама нашыя сябры-музыкі (сапраўдныя, між іншым) Андрэй і Максім.

«Правіла №1». Сапраўдны турыст-воднік – сябар прыроды і ніколі не пакідае пасля сябе смецце і пустыя бутэлькі. Смецце спальваецца або закапваецца, бутэлькі транспартуюцца ў найбліжэйшы населены пункт.

 

Усе нашыя паходы мы звычайна планавалі задоўга да іх пачатку, спрабуючы ўзгадніць графікі адпачынкаў, выходных і вакацыяў (што, паверце, архіскладана) і «прывесці» іх да адзінага тыдня вясны або лета.

 

Байды і рыштунак, сваё і арандаванае правяраецца на прадмет поўнай камплектацыі і надзейнасці. Небяспечныя ўчасткі ашалёўкі спецыяльна праклейваюцца, каб пазбегнуць у паходзе прыкрых нечаканасцяў.

«Правіла №2». Сапраўдны турыст-воднік акуратна ставіцца да сплаўсродкаў і рыштунку, пазбягаючы нават маленькага пашкоджання ашалёўкі ў часе паходу ў небяспечных месцах рэк.

 

У апошні раз, правяраючы ўзятыя напракат байды, мы былі здзіўленыя і збянтэжаныя, выявіўшы, што з 4-х камплектаў рыштунку байд можна з цяжкасцямі сабраць… два. Нас дагэтуль мучыць пытанне, куды маглі дзецца 4 камплекта вёслаў? Спадзяюся толькі, што яны не загінулі ў няроўнай барацьбе з дзікімі ляснымі гасцямі. Гэта сведчыць аб непрафесіяналізме і наплявальніцкім стаўленні да калегаў (сапраўдны турыст-воднік ніколі не дазволіў бы сабе такіх паводзін). Паляну і вогнішча, таксама як і скарыстаныя байды, трэба вяртаць чыстымі і спраўнымі, як даніну павагі да такіх жа, як і ты.

Такім чынам, тры байды ў складзе дзевяці шукальнікаў прыгодаў пакінулі бераг Узлянкі раннім суботнім вечарам у сярэдзіне ліпеня. Маршрут быў распрацаваны нескладаны (Узлянка-Нарачанка), але абяцаў быць цікавым. Прафесіяналы для пацвярджэння катэгорыі звычайна праходзяць гэты маршрут за два вяслярных дні, так званыя «матраснікі» – за чатыры. Мы расцягнулі яго на шэсць дзён! З лоўляй матылькоў і грыбным паляваннем, перасоўваючыся чарапашымі тэмпамі да вельмі папулярнага месца зліцця Нарачанкі і Віліі.

Якая ж прывабная і маляўнічая Узлянка ў сваім вусці! Вузкая і віхляючая, з высокімі, парослымі хваёвым лесам берагамі – сапраўдная мара турыста!

Адна бяда – мясцовыя бабры! Яны, як быццам дамовіліся пераследваць нас на працягу ўсяго маршруту і ўладкоўваць сметнікі з дрэў у самых нечаканых месцах. Штораз, абносячы байды берагам, або праплываючы пад упаўшым дрэвам, ніцма лежучы ў лодцы, мы ўспаміналі гэтую несімпатычную жывёліну, яго маці і ўсіх яго сваякоў звычайнымі рускімі словамі.

Магу паспрачацца, няма нічога больш смачнага і рамантычнага чым вячэра, прыгатаваная ў кацялку на вогнішчы! Простая вермішэль з тушонкай па-флоцку становіцца вытанчаным ласункам для стомленага і галоднага турыста. А кілішак «паходнай» з нязменным, улюбёным тостам «Жахнем!» робіць вечар проста незабыўным!

 

Я ніколі не задумвалася над паходжаннем і значэннем гэтага тосту. І толькі пытанне маіх замежных сяброў прымусіла мяне правесці маніторынг сярод каманды. Версій знайшлося некалькі, але тэорыя Максіма падалася мне самай удалай. У перакладзе з беларускага «жахнем» прыблізна азначае «напалохаем». Дружна «жахая» ва ўсю глотку, першабытныя турысты адганялі ад летніку лясных звяроў і абарыгенаў.

Стаянка на прыгожай сухой палянцы ў асяроддзі высакародных хвой – наш першы прыпынак. Я люблю гэтыя вячоркі каля вогнішча, калі гутарка цячэ прыязна і павольна, у бацькоў ёсць час пагаварыць з дзецьмі (першыя – не занятыя сваімі справамі, а другія – не тырчаць побач з тэлевізарам або кампутарам). Мужчыны са смехам успамінаюць моманты слоўных баталій у часе дзённых пераходаў, а закаханыя, абняўшыся, могуць проста глядзець на полымя. Гэта час пацешных і цікавых гісторый, шчырых адкрыццяў, займальных гульняў і шарад, гарачых спрэчак і сяброўскіх дыскусій, і, вядома ж, лірычных рамансаў і харавых спеваў.

 

Звычайна першыя словы шлягеру пачынае ўся кампанія, да другога куплету шэрагі «музыкаў» прыкметна радзеюць, а апошні куплет у ганарлівай адзіноце спявае гарманіст (прабачце, гітарыст). Але прыпеў штораз з незвычайным запалам падхапляюць усе, імкнучыся перакрычаць адзін аднаго, і кампенсуючы, такім чынам, прабел у веданні тэксту песні.

 

Ёсць у турыстаў-паходнікаў і свая традыцыя – спяваць «на надвор’е». Лічыцца, чым больш і дружней праспяваная песня ўвечары, тым больш сонечная і ясная будзе раніца. Асабліва вітаюцца, па зразумелых прычынах, песні пра сонца і добрае надвор’е. Напрыклад, папулярная «Сонечны круг» і «Мілая мая, сонейка лясное». Аднойчы мы паставілі нават своеасаблівы рэкорд – чатыры гадзіны бесперапыннага харавога спеву, у працэсе якога па розных падліках было праспявана ад 60 да 70 песень розных жанраў і накірункаў – ад рускіх народных да блатнога шансону. Але у першую стаянку нас хапіла ўсяго на пару гадзін.

Вечар быў шыкоўны, вельмі цёплы і ветлівы. Месяц, як вялікі ліхтар, вісеў над палянай. І ў намёт сыходзіць зусім не хацелася. У выніку, трое з нашай каманды – Наташа, Андрэй і я – расцягнуліся кожны ў сваім спальніку, ды так і засталіся спаць каля вогнішча. Ніколі ў жыцці я так салодка не засыпала… І толькі камары, якія існуюць заўсёды і паўсюль, пад раніцу парушылі мой спакой. Тады я і выявіла адсутнасць Андрэя, які сыйшоў на «паляванне за рыбай»…

Працяг – у наступным выпуску «Твайго стылю»