У позе лотасу… з жывоцікам ці Ёга для цяжарных
Аднак, ва ўмовах сучаснага стрэсавага жыцця, усё больш і больш людзей займаюцца тэхнікай ёгі, якую лічаць універсальным сродкам спасціжэння гармоніі і энергіі. Сярод іх таксама – цяжарныя жанчыны, якія асабліва патрабуюць спакою і ўпэўненасці.
Ёга для цяжарных – з’ява адносна новая ў нашым грамадстве. У Гродна ёсць аквааэробіка, гімнастыка для цяжарных, а ёгу для жанчын, якія рыхтуюцца стаць мамамі, фактычна прапануе толькі адзіны на ўвесь горад фітнэс-клуб.
Ініцыятарка стварэння групы цяжарных жанчын для заняткаў ёгай – Ганна Кузняцова –доктар-псіхатэрапеўт, слінгакансультантка, кансультантка па грудным выкормліванні і проста шчаслівая мама.
– Ганна, цябе ў пэўным сэнсе можна лічыць першаадкрывальніцай ёгі для цяжарных у Гродна. Адкуль узнікла такая ідэя?
– Я займалася ёгай у часе сваёй цяжарнасці і заўважыла, што ў мяне цудоўнае самаадчуванне, у той час, як у большасці маіх цяжарных аднагодак былі нейкія праблемы. Я пачала вывучаць літаратуру, і аказалася, што ёга сапраўды карысная для цяжарных. Яна спрыяе добрай фізічнай форме, рыхтуе цела жанчыны да родаў, акрамя таго, расслабляе і дадае аптымізму. Мне захацелася дзяліцца тым, што прыносіць мне палёгку і радасць з усімі жадаючымі. Ужо тры гады я збіраю цяжарных жанчын і мы разам пасцігаем майстэрства ёгі.
– У чым перавага ёгі над гімнастыкай, аэробікай і іншымі відамі спорту?
– У адрозненне ад усіх астатніх відаў спорту, ёга не стамляе. Яна не забірае энергію, а, наадварот, дадае. Гэты комплекс плаўных мяккіх рухаў аднаўляе працу ўсіх органаў і сістэм. Ёга сінхранізуе працу розуму і цела, выраўноўвае і палягчае дыханне.
– Чаму рэкамендуецца займацца ёгай у часе цяжарнасці?
– Перш за ўсё таму, што ёга ўключае ў сябе прыёмы расслаблення, расцяжкі і ўмацавання цягліц у спалучэнні з практыкаваннямі для пазваночніка і таза. Жанчына зможа пазбегнуць такіх праблем, як празмерная вага і боль у спіне, навучыцца здымаць праявы таксікозу.
Асаны (практыкаванні) дапамагаюць хрыбетніку прыняць правільнае фізіялагічнае становішча, а мышцы становяцца больш развітымі – гэта вызваляе ад боляў у паясніцы і крыжы на позніх тэрмінах, калі жывот становіцца вялікім.
Рэгулярныя заняткі ёгай таксама памяншаюць рызыку ўзнікнення расцяжак. Цела будучых мам становіцца больш пластычным і падрыхтаваным да таго, каб у часе родаў яны маглі прыняць любую зручную позу.
– Ці можна гаварыць аб тым, што заняткі ёгай дапамагаюць пры родах?
– Безумоўна. Шматлікімі дактарамі было адзначана, што ў жанчын, якія практыкуюць ёгу, роды праходзяць лягчэй. Будучая маці, якая навучылася валодаць сваім целам і сваімі эмоцыямі, упэўнена адчувае сябе і ўсведамляе ўсе працэсы, якія адбываюцца ў яе арганізме, не ўступае ў супярэчнасць з імі і дае дзіцяці шчаслівае нараджэнне. Акрамя таго, ёгавыя дыхальныя практыкі здымаюць боль і дапамагаюць пазбегнуць слабой радавой дзейнасці.
– На дадзены момант група будучых мам, якія займаюцца ёгай, складаецца ўсяго з васьмі чалавек. Чаму так мала?
– Набіраць вялікую групу немэтазгодна. Ва ўсіх розная фізічная падрыхтоўка, розныя тэрміны, часта патрэбны індывідуальныя карэкцыі практыкаванняў. У вялікай групе будзе цяжка ўлічваць усе гэтыя нюансы, не будзе індывідуальнага падыходу.
– Аня, па спецыяльнасці ты цялесна-арыентаваны псіхатэрапеўт. Ці дапамагаюць табе прафесійныя веды на занятках ёгай?
– Вядома. Яны дазваляюць мне аб’ектыўна ацэньваць стан тых, хто займаецца. Людзі, як правіла, слаба адчуваюць сваё цела, я дапамагаю ім вучыцца распазнаваць і слухаць сябе.
– Як звычайна праходзяць вашыя заняткі?
– Кожны занятак суправаджаецца расслабляльнай музыкай. Пачатак заняткаў – гэта заўсёды настройка на расслабленне цела і асэнсаванне свайго новага стану. Жанчына мае ўнікальную магчымасць адпачыць ад праблем, навучыцца рэлаксацыі на фізічным і псіхаэмацыйным узроўнях. У такім стане можна вельмі тонка ўспрымаць псіхічны стан свайго малыша, заўважаць яго думкі, яго настрой, можна невербальна мець зносіны з ім – што дае магчымасць глыбока зразумець сутнасць, прыроду, характар свайго дзіцятка. Такія зносіны закладваюць трывалую аснову для нашых будучых адносін на ўсё жыццё.
>
Ёга дорыць стан спакою, дзякуючы чаму становіцца лягчэй ухіляцца ад негатыўных думак і эмоцый, сыходзіць ад мітусні. Трывогі, страхі і стрэсы не маюць поўнай улады над моцнай псіхікай, над устойлівым, спакойным розумам маці, і гэта абараняе дзіцятка ад негатыўных эмоцый. У свядомасці жанчыны нараджаюцца светлыя думкі і пачуцці – бясцэнны дар маці свайму малому.
Фота аўтара