Унікальны шлях чэрлідзінгу

Дык вось, гэта не што іншае, як параўнальна новы для Беларусі, даволі відовішчны від спорту – чэрлідзінг. На яго радзіме, у ЗША, гэтае захапленне даўно выйшла за рамкі простага хобі: у заморскіх школах чэрлідзінг – абавязковы занятак, як у нас рытміка або фізкультура.

 

У Беларусі чэрлідэрам завуць проста групы падтрымкі ў спартыўных спаборніцтвах, і афіцыйнага статусу гэты від спорту пакуль не мае. Але папулярнасць яго ўзрастае. У Гродне чэрлідзінг прапісаўся каля 7 гадоў таму і развіваецца па ўласным унікальным шляху. .. Аб асаблівасцях гарадзенскага чэрлідзінгу размаўляем з кіраўніком Вікторыяй.

 

Гэты калектыў паўстаў яшчэ ў 1990 годзе як харэаграфічны ансамбль. А вось заявілі пра сябе, як пра групу падтрымкі ХК «Нёман», дзяўчаты ў 2003 годзе, калі пачалі працаваць з Лядовым палацам і выступаць на матчах «Нёмана». Рыхтавалі прыгожыя відовішчныя шоў, удзельнічалі ў розных спаборніцтвах абласных гарадоў. Я пытаюся ў Вікторыі, якія напрамкі існуюць у чэрлідзінгу?

 

– Два асноўных: групы падтрымкі спартыўных клубаў і самастойныя спаборніцтвы па спецыяльных праграмах. Адрозніваюць дзве намінацыі – чэр і данс. Праграмы «чэр» маюць спартыўную скіраванасць, уключаюць вялікую колькасць акрабатычных элементаў, патрабуюць страхоўкі. Абавязковыя элементы – скокі, піраміды, станты, рандаты, колы. Данс не ўключае акрабатыку і крычалкі, добра ўпісваецца ў любое шоў, можа выконвацца і на паркеце.

 

Падрыхтоўка адной праграмы для спаборніцтваў доўжыцца месяцамі а выступ – дзве з паловай хвіліны. Кожная трэніроўка – гэта спачатку размінка ўсіх груп мышцаў, расцяжка, затым адпрацоўка элементаў. І так цэлы год. Для адной праграмы падбіраюцца і злучаюцца больш за 6 музыкальных кампазіцый розных напрамкаў. Музыка павінна быць і хуткай, і павольнай, што дапамагае ствараць вобраз.

 

– Колькі каштуе чэрлідзінг?

– Для асноўнага складу каманды заняткі бясплатныя, але матэрыяльных укладанняў патрабуюць касцюмы і паездкі, – адказвае Вікторыя.

 

– Чым вы больш займаецеся: спаборніцтвамі або выступамі?

– Выступаць на ўсіх святах, у часе спартовых гульняў і яшчэ рыхтавацца да спаборніцтваў – цяжка, таму ўжо два гады ў калектыве існуе падзел: я рыхтую шоў-праграмы, выступленні на святах; Вольга Арсенцьева – спартыўныя групы для спаборніцтваў «данс». Алена Папова – праграмы «чэр».

 

Зносінаў с дзецьмі клубу «Нёман» дзяўчаты не маюць. Яны кажуць, што, хакеісты – народ заняты. Акрамя таго, склад клубу часта змяняецца, таму чэрлідэры ведаюць толькі асноўных гульцоў. Але, згодна з кодэксам Федэрацыі чэрлідэраў РБ, так і павінна быць – перш за ўсё дысцыпліна.

 

– Ці бывалі ў вас вострыя сітуацыі з фанатамі?

– Стаўленне змяняецца. Калі нашая каманда выйграе – прымаюць захоплена, калі не – жартаўліва вінавацяць. Калі мы толькі пачыналі, рэакцыя была іншая – памост для выступленняў знаходзіцца побач з трыбунай: нядбайныя падлеткі і поп-корнам кідаліся, маглі тузануць за валасы. Побач заўсёды стаяў міліцыянер. Аднойчы, калі нашы прайгралі, адзін фанат выгукнуў: «Выпусціце на лёд дзяўчатак – яны лепш згуляюць».

 

Вольны час дзяўчаты стараюцца праводзіць разам: адзначаюць усе святы. А зараз падумваюць аб сумесным адпачынку. Думаюць і пра ўдзел у фестывалях у Чэхіі і Польшчы. Трапіць у калектыў можна, напрыклад, апошні раз запрашалі новенькіх у пачатку лістапада, вучаць хутка, праз 3 месяцы ўдзельнікі ўжо нешта ўмеюць. У гэтым годзе ўпершыню набралі шасцігодак і паслядоўна вучаць з імі ўсе элементы акрабатыкі і данс. Гэта першая ластаўка, дзеці будуць валодаць элементамі ўсіх накірункаў чэрлідзінгу.

 

– Як змяняюцца вашыя дзяўчынкі пасля некаторага часу заняткаў?

– Становяцца ўпэўненымі, разняволенымі, ярчэй расквітае жаноцкасць. Акрамя таго, складаныя трэніроўкі вучаць быць у форме, а камандныя адносіны выпрацоўваюць адказнасць і мэтанакіраванасць.

 

Падзяліцца |