Калі няма правіл, ёсць натхненне

|

Але, на шчасце, я ізноў недаглядзела – больш за год у гімназіі №1 праходзяць урокі капуэра. Слова гэта, відавочна, не беларускага паходжання. Значыць дзесьці мы гэтае мастацтва перанялі. Не буду выпрабоўваць вашае цярпенне: слова гэтае – бразільскае і азначае «барацьба ў танцы».Раней з дапамогай капуэра можна было за сябе пастаяць, але зараз гэта больш для духу, расцяжкі, супакаення і настрою.

alt=”3″ >

Самае цікавае, што галоўнага трэнера ў гуртку вучняў (ад 17 да 40 гадоў!) няма. Гэтая спартыўна-танцавальная секцыя была арганізаваная ўсімі тымі, хто хацеў, каб яна існавала. Таму і незаахвочаных ці «сачкоў» тут ніколі не было і не будзе.

Сёння размінку праводзіў Сяргей. Хлопец вельмі пазітыўны і адкрыты. Белыя штаны подвязаныя шнурком (белы шнурок – пачатковец, жоўты – за асасблівы заслугі і досвед).

Ён басанож, як і ўсе, так што ў яго інтарэсах як мага хутчэй разагрэць ногі і падлогу. Пад слова «хой» усе разам пачынаюць новае практыкаванне. Гэтае мастацтва барацьбы выхоўвае сапраўдных мужчын: моцнае цела і дух, высакародныя пластыка і думкі…Вось, напрыклад, калі перад дзяўчынай ідзе хлопец, а наступнае практыкаванне прадугледжвае нахіл наперад, то хлопец зробіць спачатку перад партнэршай невялікі рэверанс, а потым працягне размінку і нахілы.

Той, хто вядзе «кола» часам дазваляе сабе рэплікі па-гішпанску, але ўсе выдатна разумеюць, аб чым ідзе гаворка.

«Капуэрысты» расказваюць, што спачатку трэніраваліся на голым запале, а зараз – на здаровым. Людзі самі сябе арганізоўваюць… Узнікае заканамернае пытанне: «А як жа тэхніка бяспекі, бо тут няма ні аднаго прафесіянала. А што як сальта няправільна выконваюць, або маты нязручна паклалі…». Сяргей адказвае з шырокай усмешкай: “Па капуэра ў нас праводзяць майстар-класы мінчукі, а расцяжка… Да нас прыходзяць акрабаты і паказваюць, як трэба і чаму «Вось так!» (перакуліўся) нельга!».

Ігар (адзін з удзельнікаў) дадаў, што прыйшоў сюды, таму што тут няма правіл і догмаў. Тут існуе толькі агульная ідэя. І любы жэст і рух у кожнага «капуэрыста» атрымліваецца сваеасаблівым, бо нават аднаго «галоўнага майстра», які б усталёўваў межы, тут няма:

– Я прыходжу сюды за настроем, і нават ёсць невымаўляльнае правіла аб тым, што на занятку трэба абавязкова пажартаваць і пасмяяцца з сябе ці з каго-небудзь – усё роўна не пакрыўдзіцца!

Але як бы яны з сябе не смяяліся, акрабатыка і расцяжка ў іх на добрым узроўні! А ў сярэдзіне другой гадзіны трэніроўкі пачынаецца тое, дзеля чаго цягнулі мышцы – хода! Людзі становяцца ў круг і пачынаюць гуляць на адмысловых музычных прыладах або пляскаць. Музычная прылада накшталт луку завецца «берымбау», ёсць пандэйра і там-тамы. Тым часам у сярэдзіне кола праходзіць дзейства: танец, барацьба, барацьба, танец. І глядзіцца і «чуецца» ўсё вельмі хораша і незвычайна!

Для кожнага з удзельнікаў капуэра значыць сваё. Пэўна таму кожны апісвае яго па-свойму. Дзіўныя прылады, акрабатыка, танец, барацьба, настрой, моцныя і сімпатычныя хлопцы, стройныя і мэтанакіраваныя дзяўчаты… І ты таксама можаш знайсці тут свае (па пытаннях аб прыняцці ў клуб звяртацца па тэлефоне 5811365) .

Лізавета Гарохава