Таццяна Солтан: балюча і страшна глядзець на тое, што робіцца ў Румлёўскім парку

|

На думку чыноўнікаў, аніякага знішчэння няма – у Румлёўскім парку адбываецца ўзгодненае з грамадскасцю дабраўпарадкаванне.

 

Пенсіянерка Таццяна Солтан разам з некалькімі сваімі паплечнікамі накіравалі звароты да абласных і гарадскіх уладаў, у грамадскую выбарчую прыёмную Аляксандра Лукашэнкі ў Гродне з просьбай спыніць знішчэнне дрэваў і расліннасці ў Румлёўскім парку.

 

Там па-ранейшаму ідзе будаўніцтва асфальтаваных дарог і дарожак з выкарыстаннем бульдозераў і іншай цяжкай тэхнікі.

 

Пакуль, аднак, ніхто спыняць працы не збіраецца.

 

– Я тэлефанавала ўчора ў Міністэрства аховы прыроды, але там мне параілі афіцыйна звярнуцца да гарадзенскіх уладаў. Маўляў, на працягу двух тыдняў вам дадуць адказ. Але праз два тыдні ўсё будзе знішчана! – гаворыць у адчаі сп-ня Солтан.

 

– Я кожны дзень хажу ў парк і бачу, як руйнуецца ландшафт, як бульдозеры знішчаюць пасадкі дрэваў і іншыю расліннасць, што катэгарычна рабіць забаронена – на ўваходзе ў парк пра гэта нават на спецыяльным шчыце напісана!

 

Чыноўнікі кажуць, што дарогі ў парку пракладаюцца па месцах старых сцяжынак. Гэта не так! Усе пенсіянеры, які там ледзь не штодня прагульваліся, падцвердзяць, што дарогі пракладаюць проста па цаліне! Пры гэтым спілаваныя дрэвы аператыўна вывозяцца, каб не заставалася слядоў.

 

Трэба спыніць усё гэта! Я ведаю, што ў планах будаўніцтва ў Румлёве парковак, тэнісных кортаў пад дахам, кавярні. Гэта цалкам можа знішчыць унікальны помнік прыроды, якім з’яўляецца Румлёўскі парк – кажа сп-ня Таццяна.

 

“Твой стыль” звярнуўся па каментар да начальніка гарадской інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэя Лубіна:

 

– Сп. Андрэй, як Вы назавеце тое, што адбываецца зараз у Румлёўскім парку?

 

– Адбываецца яго дабраўпарадкаванне.

 

– Некаторыя жыхары горада і эколагі абураюцца, што пры гэтым “дабраўпарадкаванні” бульдозеры нішчаць ландшафт і расліннасць, што катэгарычна забаронена…

 

– Гэта не так! Толькі 5-7% прац па пракладцы і ўпарадкаванні дарог у парку адбываецца па цаліне. А 90% – на месцы знаходжання старых сцяжынак.

 

– Хто быў ініцыятарам прац у Румлёўскім парку?

 

– Шапіра.

 

-Сам Шапіра?

 

– Другога лістапада адбыўся сход грамадскасці, на якім быў зацверджаны план працы ў Румлёўскім парку. Усё робіцца згодна з ім.

 

-Гэта праўда, што на тэрыторыі парку будуць збудаваныя кавярня, корты, паркоўкі?

 

-Не, іх плануецца збудаваць побач з тэрыторыяй парку, але для гэтага яшчэ давядзецца знайсці грошы. Не думаю, што гэтыя планы хутка здзейсняцца.

 

Будаўніцтва кавярні і кортаў канчаткова знішчыць Румлёўскі парк як унікальны прыродны аб’ект – лічыць гарадзенскі краязнаўца Віталь Карнелюк, які доўгі час займаўся вывучэннем гісторыі парка, распрацоўкай праектаў па яго захаванні.

 

Па яго словах, ужо пракладзеную асфальтавую дарогу праз парк прыбраць ужо не атрымаецца. Задача – мінімум – не дапусціць асфальтавання сцяжынак, якія адыходзяць ад яе, спыніць знішчэнне расліннасці ў парку.

 

“Твой стыль” паспрабаваў адсачыць ланцужок падзеяў вакол “дабраўпарадкавання” Румлёўскага парку.

 

Тры тыдні таму парк наведаў старшыня аблвыканкаму Сямён Шапіра. Убачыўшы, у якім занядбаным і недагледжаным стане знаходзіцца парк, кіраўні вобласці дае каманду “навесці парадак”. Далей пайшла “ланцужковая рэакцыя”: чыноўнікі ніжэйшага ўзроўню пачалі шукаць кароткі шлях да выканання пастаўленай задачы.

 

Згаданы вышэй Віталь Карнелюк разам з былым дэпутатам гарсавету Віталём Гуменным спрабавалі давесці чыноўнікам і спецыялістам рознага ўзроўню свае прапановы па дабраўпарадкаванні парку, заснаваныя на беражлівым падыходзе да прыроды, але іх пазіцыя не была ўзятая пад увагу.