“Варты тысяч скуголячых і фантазіруючых пісак”

У экспазіцыі, якая носіць назву “Паэт рэпартажу”, прадстаўлены планшэты з фатаграфіямі, на якіх адлюстраваны падарожжы Рышарда Капусьцінскага па ўсім свеце, падмацаваныя цытатамі з яго твораў.

Гэта здымкі Афрыкі, сярэднеазіяцкіх савецкіх рэспублік, Лацінскай Амерыкі, Блізкага Усходу, а таксама Пінску, роднага горада майстра, дзе жыла сям’я Капусьцінскіх, малы Рышард і яго сястра.

>

Капусцінскі пражыў у Беларусі да сямі гадоў, аднак ён праз усё жыццё пранёс любоў да сваёй малой радзімы.

 

Я заўсёды шукаў мой дом, шукаў Пінск, — у Афрыцы, у Азіі, у Лацінскай Амерыцы, – пісаў журналіст.


Бажэна Дудко, аўтарка канцэпцыі выставы і апошні сакратар Рышарда Капусьцінскага, зазначыла, што ідэя выставы з’явіласяў 2007 годзе.

 

Пасля смерці рэпартажыста яго калегі і пінскія сябры наведалі Польскі Інстытут у Мінску з мэтай арганізаваць “дзень Капусьцінскага”.

 

 – Мы хацелі, каб Рышард Капусцінскі стаў вядомы ў краі, дзе нарадзіўся, – кажа Бажэна Дудко, – Польскі Інстытут нам дапамог зладзіць выству, якая зараз крочыць па гарадах Беларусі.


Арганізатары выставы хацелі перш за ўсё пазнаёміць беларусаў не толькі з асобай Капусьцінскага-пісьменніка і журналіста, але і выдатнага рэпартажыста, які пакінуў каля 10.000 здымкаў са ста краін свету.

У Польшчы яго называлі “каралём рэпартажу”. Праз аб’ектыў фатапарата Капусцінскі паказваў вялікія канфлікты мінулага стагоддзя, а пасля асэнсоўваў усё убачанае ў сваіх аповедах.

 

Спачатку выстава адкрылася у 2009 г. у Мінску. Як распавёў Аляксей Матушонак, супрацоўнік Польскага Інстытуту ў Мінску, паглядзець экспазіцыю прыйшло вельмі шмат людзей, бо імя Капусьцінскага для мінчукоў гучала як новае і зусім не вядомае.

 

Пасля выставы людзі пачалі цікавіцца нашым земляком і чытаць яго творы, – кажа Аляксей Матушонак, – попыт на кнігі Капусцінскага у нашай бібліятэцы тады ўзрос у два разы, хоць яны некалькі экзатычныя для беларускага чытача, паколькі маюць рэпартажны характар.


Пасля выстава павандравала ў Віцебск, Гомель і Пінск.

 

Капусцінскі чакае друку

На адкрыцці выставы ў Гродне арганізатары ўзнялі праблемнае пытанне перакладу кніжак Рышарда Капусьцінскага на беларускую мову.

 

Выдатны пісьменнік, творы якога перакладзены на 34 мовы свету, намінант на Нобелеўскую прэмію па літаратуры фактычна забыты ў Беларусі.

 

На сённяшні дзень у беларускім варыянце можна прачытаць зборнік вершаў Капусьцінскага “Вяртанне” (дарэчы, ёсць у гарадзенскай бібліятэцы) і раман “Імперыя”.

 

Тут варта ўзгадаць цікавы факт: пінскія газеты ў свой час адмовіліся друкаваць частку кнігі «Імперыя», дзе апавядаецца пра Пінск, калі Яўген Салейчук пераклаў яе на беларускую мову. Д таго ж кнігі выйшлі малым тыражом, усяго 500 і 1000 асобнікаў.

 

Як распавяла Бажэна Дудко, яшчэ некалькі кніг Капусьцінскага перакладзены на беларускую мову, аднак выдавецтвы пакуль адмаўляюцца іх друкаваць.

 

Гарадзенскія журналісты і літаратары пра асобу Рышарда Капусцінскага


Юры Гумянюк, сябра беларускага ПЭН-клубу, паэт і празаік, публіцыст:

Рышард Капусьцінскі адзін з самых вядомых польскіх пісьменнікаў 20 ст., майстар рэпартажу.

 

Дакументальная літаратура, літаратура факту заўсёды несла праўдзівую інфармацыю пра тое, што адбываеца звонку.

 

Паколькі Капусцінскі наведаў шмат краінаў свету, яму ўдалося данесці да чытача і гледача фактычныя матэрыялы пра тое, як людзі жылі ў свеце.

 

У Беларусі пра асобу Капусцінскага вядома нямнога, але ў нас шмат хто з польскай сучаснай літаратуры невядомы, і прычына тут не толькі палітычная. Людзі цяпер мала цікавяцца мастацкай літаратурай увогуле.

 

У культурным пісьменніцкім асяроддзі гэта постаць знакавая, бо такога чалавека немагчыма было не заўважыць.

 

Сяргей Астраўцоў, журналіст радыё “Свабода”:

Гадоў дваццаць таму да мяне патрапіла кніжка Капусьцінскага “Лапідарыюм”.

 

Гэта была сапраўдная знаходка: спадар Рышард у сваёй кнізе прыйшоў да таго, да чаго імкнуўся я –пісаць зацемкі на мяжы літаратуры і журналістыкі.

Дагэтуль трымаю “Лапідарыюм” ў сябе на паліцы як вельмі цікавы і карысны для мяне досвед.

 

 

P.S. У назве артыкула выкарыстаны словы з прадмовы да выдання “Яшчэ дзень жыцця”

 

Фота Алесі Бяленік