Гродзенскага журналіста вінавацяць у абразе прэзідэнта
Паводле пракуратуры, абразы Лукашэнку Пачобут наносіў на старонках «Gazety Wyborczaj», сайта «Белорусский партизан», і свайго блога poczobut.livejournal.com на працягу 2010—2011 гг.
Пра крымінальную справу Пачобуту 28 сакавіка паведаміў у абласной пракуратуры следчы па найважнейшых справах Арсеній Нікольскі.
Як паведаміў «Нашай Ніве» Андрэй Пачобут, сёння ў пракуратуры яго спрабавалі дапытаць у якасці падазраванага, але ён адмовіўся, заявіўшы, што будзе даваць тлумачэнні толькі ў судзе.
«Магчыма, пад уплывам падзей вакол Міхалевіча, але ў пратаколе было пазначана, што на мяне ў ходзе размовы не аказваўся ціск», — кажа журналіст.
Яго азнаёмілі з абавязкамі падазраванага, патлумачыўшы, што ён абавязаны з’явіцца ў пракуратуру па першым выкліку.
Ягоная справа накіраваная на папярэдняе расследаванне да начальніка следчага аддзела абласной пракуратуры Пашкоўскага.
Андрэй мяркуе, што яго могуць кінуць за краты, але не збіраецца з’язджаць з Беларусі. Кажа, што будзе далей працаваць — пісаць у «Выборчу», на «Белпартызан», у блог.
«Gazetа Wyborcza» аператыўна зрэагавала на падзеі ў Беларусі.
На сайце выдання ў найгалоўным артыкул пра беларускага карэспандэнта.
У ім змешчаны спасылкі на «абразлівыя» артыкулы журналіста.
Магчыма, гэта першы выпадак у Беларусі калі кагосьці вінавацяць за абразу дзяржчыноўніка ў блогу.
Нагадаем, што раней за абразу кіраўніка краіны былі асуджаныя журналісты Мікола Маркевіч, Павел Мажэйка, Віктар Івашкевіч, палітык Андрэй Клімаў, прадпрымальнікі Валер Леванеўскі і Аляксандр Васільеў, праваабаронца Кацярына Садоўская.
Паводле http://nn.by