Нацыянальны дзень “Карытас” адзначылі ў Гродне

|

Нацыянальны дзень “Карытас”, які прыпадае на трэцюю нядзелю Вялікага посту, сёлета святкавалі 27 сакавіка.

 

Як распавёў “Твайму Стылю” кс. Віталій Дабраловіч, дырэктар “Карытас” Гродзенскай дыяцэзіі, у гэты дзень, згодна з традыцыяй, праводзяцца дабрачынныя акцыі.

 

У Гродзенскай дыяцэзіі, як і ва ўсіх парафіях Беларусі, 27 сакавіка быў арганізаваны збор грошай на дабрачынныя мэты – дапамогу дзецям і інвалідам, пацярпелым ад выбуху на Чарнобыльскай АЭС, а таксама ахвярам землятрусу і цунамі ў Японіі.

 

На сустрэчы дырэктараў “Карытас Беларусь” было прынята рашэнне, што дзейнасць нашай дабрачыннай арганізацыі ў 2011г. будзе прысвечана 25-й гадавіне Чарнобыльскай трагедыі, – распавядае кс. Віталій. – Нашым дэвізам на 2011 год будуць словы з Евангелля паводле Мацвея : “ Усё, што зрабілі аднаму з меншых, мне зрабілі”.

 

Ахвяраў Чарнобыльскай трагедыі арганізацыя “Карытас” ніколі не абмінала ўвагай.

 

Кожны год пацярпелым аказваецца дапамога ў рамках міласэрных акцый на Каляды і Вялікдзень.

 

Дзіцячы аздараўленчы летнік дабрачыннай арганізацыі «Карытас», якія размешчаны ў вёсцы Няцеч Гродзенскай вобласці, другі год запар будзе прымаць дзяцей з Гомельскай вобласці.

 

Фота з сайта caritasthailand.net