“Карту паляка” будуць судзіць
Падставай для гэтага стаў зварот у суд дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў ад 23 лютага.
Права выказваць думку пра нарматыўна-прававыя акты, у тым ліку і іншых дзяржаў, калі яны закранаюць інтарэсы Рэспублікі Беларусь, на прадмет іх адпаведнасьці міжнародным нормам, нададзена Канстытуцыйнаму суду дэкрэтам прэзыдэнта № 14 ад 2008 году.
Падчас абмеркаваньня пытаньня пра “карту паляка” ў Палаце прадстаўнікоў прагучала, што такую карту маюць больш за 14,5 тысячы чалавек і што ў Беларусі жыве 400 тысяч этнічных палякаў.
Карта паляка — гэта дакумэнт, які пацьвярджае прыналежнасьць да польскага народу. Уладальнік карты паляка мае правы, замацаваныя законам “Аб карце паляка”, які быў прыняты Сэймам Рэспублікі Польшча 7 верасьня 2007 году.
“Карту паляка” мае права атрымаць асоба, якая ня мае польскага грамадзянства альбо дазволу на сталае пражываньне на тэрыторыі Рэспублікі Польшча і пры тым заяўляе пра сваю прыналежнасьць да польскай нацыі і выконвае абавязкі, якія вынікаюць са згаданага закону.
Для атрыманьня карты трэба валодаць польскай мовай на базавым узроўні, мець сваякоў-палякаў альбо тых, хто меў польскае грамадзянства (бацька, маці, бабуля, дзядуля, прабабуля, прадзядуля).
Карта сапраўдная цягам 10 гадоў з дня выдачы і пры наяўнасьці адпаведнай заявы падаўжаецца на наступныя 10 гадоў.
Уладальнік карты мае права атрымліваць доўгатэрміновую шматразовую візу для знаходжаньня на тэрыторыі Польшчы і легальна працаваць там без атрыманьня дазволу на працу, займацца прадпрымальніцкай дзейнасьцю нароўні з польскімі грамадзянамі, праяжджаць па чыгунцы з 37-працэнтнай зьніжкай.