Гарадзенскія журналісты патрабуюць спыніць пераслед Анджэя Пачобута

|

Паводле пракуратуры, абразы Лукашэнку Пачобут наносіў на старонках  «Gazety Wyborczaj», сайта «Белорусский партизан», і свайго блога poczobut.livejournal.com на працягу 2010—2011 гг.

 

Пра крымінальную справу Пачобуту 28 сакавіка паведаміў у абласной пракуратуры следчы па найважнейшых справах Арсеній Нікольскі.

 

У сваім звароце да пракурора Гарадзенскай вобласці журналісты звяртаюць увагу, што падставай для пераследу журналіста сталася яго прафесійная дзейнасць.

 

На думку аўтараў звароту, “пераслед недзяржаўнай прэсы ў нашым рэгіёне носіць сістэмны характар: адмовы ў акрэдытацыі, адміністрацыйныя пакаранні ў выглядзе штрафаў і арыштаў, затрыманні падчас выканання прафесійных абавязкаў, ператрусы на кватэрах і працоўных месцах, канфіскацыі кампутарнай і іншай тэхнікі, беспадстаўныя допыты ў КДБ, пракуратуры, міліцыі і іншых праваахоўных органах, запалохванні ў выглядзе папярэджанняў за выкананне прафесійных абавязкаў“.

 

Узбуджэнне крымінальнай справы супраць Анджэя Пачобута падпісанты лічаць “яскравым сведчаннем сістэмнай палітыкі дыскрымінацыі журналістаў недзяржаўных СМІ, а таксама прававога нігілізма з боку Пракуратуры, Камітэта дзяржбяспекі, Міністэрства унутраных спраў“.

 

Аўтары зварот у звяртаюць увагу, што згодна з Канстытуцыяй Беларусі кожнаму грамадзяніну гарантуецца свабода перакананняў і права на атрыманне ды распаўсюд інфармацыі.

 

– “Пераследуючы Андрэя Пачобута і іншых журналістаў недзяржаўных СМІ, праваахоўныя органы тым самым груба парушаюць Асноўны закон Рэспублікі Беларусь.

 

Мы выказваем салідарнасць з нашым калегам Андрэем Пачобутам – сумленным журналістам, які выконвае свой прафесійны ды грамадзянскі абавязак.

 

Мы пратэстуем супраць палітыкі дыскрымінацыі журналістаў недзяржаўных СМІ і пераследу па палітычных матывах” – гаворыцца ў звароце.

 

Гарадзенскія журналісты патрабуюць у сваім звароце закрыць крымінальную справу ў дачыненні Анджэя Пачобута.