Кантрабандных шчанюкоў прададуць гродзенцам
Шчанюкі былі схаваныя ў скрыні пад пярэднім пасажырскім крэслам у аўтамабілі “Мерседэс Бэнц”.
На самім крэсле ехала прыкрытая курткай мама шчанюкоў.
Грамадзянка Польшчы, якая перавозіла тэр’ераў, патлумачыла, што ехала з імі на выставу, аднак ніякіх падцвярджальных дакументаў пры сабе не мела.
Усе сабакі, па словах кіроўцы, належаць ёй, аднак цяпер яны канфіскаваны як прадмет кантрабанды і перададзены ў гродзенскі звярынец.
Як паведаміў “Твайму стылю” дырэктар звярынца, шчанюкі, якія маюць каля 2 месяцаў ад нараджэння, зараз знаходзяцца на каранціне ў ветэрынарным корпусе.
Некаторыя з іх больш моцныя, некаторыя слабейшыя, але, па заключэнні ветэрынара, усе здаровыя і ад перавозкі не пацярпелі.
Пазней шчанюкоў выставяць на продаж.
Але гэта адбудзецца толькі пасля таго як суд перавядзе іх у даход дзяржавы, а спецыяльная камісія ацэніць іх кошт.
На фота: такімі кантрабандных шчанюкоў убачылі гродзенскія памежнікі
Фота з сайта http://gpk.gov.by