У роварным марафоне значна пераважаюць мужчыны

Траса марафону пралягае па маляўнічых краявідах Аўгустоўскага каналу ўздоўж мяжы Беларусі з Польшчай і Літвой.

 

Марафон “Суседзі” прапануе ўдзельнікам два віды дыстанцыі на выбар: 30 кіламетраў, якія зможа адолець раварыст любога ўзросту і падрыхтоўкі, і 65 кіламетраў для больш дасведчаных і падрыхтаваных.

 

Па словах арганізатараў марафону, на дадзены момант зарэгістравана 68 удзельнікаў з Беларусі – 24 з Гродна, астатнія з Мінска, Гомеля, Паставаў, Віцебска, Слоніма, Смаргоні. Сярод велааматараў пераважаюць мужчыны – з зарэгістраваных усяго 8 жанчын. Шмат хто, мяркуюць арганізатары, зарэгіструецца на ўдзел у марафоне непасрэдна перад ягоным пачаткам.

 

Падрыхтоўка роварнага марафону “Суседзі” распачалася яшчэ ўзімку, кажа адзін з арганізатараў Ваня Найдзёнаў:

Ідэю гэтага марафону мы распрацоўвалі разам з адміністрацыяй Гродзенскага раёна, а канкрэтна з начальнікам аддзела спорту і турызму Віктарам Саламой. Аўгустоўскі канал адносіцца да адміністрацыі гэтага раёна, і там зацікаўленыя ў развіцці і прыцягненні ўвагі да турыстычных магчымасцяў Аўгустоўскага каналу і ваколіцаў. Таму нам шмат дапамагалі ў арганізацыі гэтага марафону, адпаведна і вялікіх цяжкасцяў не было. Зрэшты на трасе марафона мы амаль не перашкаджаем дарожнаму руху.

 

Адной з цяжкасцяў для ўдзельнікаў можа стацца пошук…ахоўнага шлему, бо арганізатары паставілі абавязковую ўмову – усім раварыстам мець у марафоне шлем, які не кожны мае. Таму даводзіцца шукаць. Але, мяркуе Ваня, гэта не мусіць спыняць ахвотных далучыцца да роварнага марафону:

 

Магчыма, удасца сабраць чалавек 200. Але 100, думаю, будзе дакладна.

 

Самыя сталыя зарэгістраваныя на дадзены момант удзельнікі – 2 менчукі 1960 года нараджэння. Акрамя беларусаў, у роварным марафоне будзе удзельнічаць 40 раварыстаў з Польшчы.

 

Зарэгістравацца он-лайн для ўдзелу ў марафоне трэба на сайце velogrodno.by. Удзел у роварным марафоне бясплатны.

 

Для ўдзельнікаў і балельшчыкаў з Гродна будзе арганізаваны транспарт на месца старту, а таксама з месца фінішу ў Гродна.