Гродна на чэмпіянаце па спартыўнай арніталогіі прадставіць міжнародная каманда
VIII адкрыты чэмпіянат па спартыўнай арніталогіі пройдзе ў Беларусі ў першую суботу восені 3 верасня.
Арганізатарам спаборніцтваў выступае найбуйнейшая ў Беларусі прыродаахоўная грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.
Мэта – улічыць найбольш відаў птушак. Улік вядзецца як па знешнім выглядзе, так і па голасе. Сёлета павялічаны час назіранняў: спаборніцтвы працягнуцца не 9 гадзін, як звычайна, а 12 – з 6.00 да 18.00.
Кожны заўважаны від птушкі пазначаецца ў спецыяльным дзённіку (час, месца) і залічваецца толькі тады, калі птушку пачулі ці ўбачылі ўсе ўдзельнікі каманды.
Каманда складаецца з чатырох чалавек, як мінімум два з якіх мусяць быць старэйшыя за 18 гадоў.
Дзмітрый Вінчэўскі, старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення АПБ:
– У мінулым годзе ў Гродне стартавала толькі адна каманда “Кронан”. Мы занялі тады трэцяе месца, зафіксаваўшы 97 відаў птушак за 9 гадзін назірання.
У гэтым годзе пастараемся выставіць 3-4 каманды, адна з якіх будзе чыста жаночая. Калі атрымаецца, гэта будзе ўпершыню ў васьмігадовай гісторыі спаборніцтваў.
Да спаборніцтваў можа далучыцца кожны, у тым ліку замежнікі, але звычайна каманды фармуюцца з людзей знаёмых, бо трэба ведаць, з кім ты будзеш 12 гадзін у адной звязцы.
Кожная каманда сама вызначае свой маршрут, але колькасць “птушыных” месцаў абмежаваная, таму, напрыклад, у пазамінулым годзе ў адным месцы сустрэліся тры гродзенскія каманды.
Апошні тэрмін падачы камандных заявак на ўдзел – 2 верасня (18.00).
Заяўкі патрэбна падаваць у Сакратарыят АПБ (па тэлефонах 017-263-06-13, 029-223-06-13 МТС, 029-101-68-87 Velcom альбо электроннай поштай [email protected] або [email protected]).
У ёй неабходна пазначыць назву каманды, яе склад, месца старту і нумар тэлефона для сувязі.
З падрабязнымі правіламі правядзення чэмпіянату можна пазнаёміцца тут .
У леташнім чэмпіянаце Беларусі па спартыўнай арніталогіі ўзялі ўдзел 11 каманд. Перамагла тады фінска-беларуская каманда”Lintu”, якая стартавала з Мінску і налічыла 114 відаў птушак.
Фота з сайта http://www.ptushki.org, аўтар Леанід Шчаглоў