Футбалісты “Нёмана” зноў прайгралі

|

Суботняя гульня для “Нёмана” пачалася вельмі ўдала. Ужо на 5-й хвіліне Іван Дзянісевіч пасля добрага навеса Сучкова забіў галавой мяч у браму гасцей.

 

“Нёман” працягваў востра атакаваць і ледзь не падвоіў лік у сустрэчы. Паўлу Савіцкаму крыху не хапіла хуткасці і росту, каб замкнуць падачу з фланга.

 

Госці параўнялі лік пасля кутняга: Яўген Савасц’янаў (на здымку ніжэй у цэнтры) саступіў “паветраную” барацьбу свайму партнёру па алімпійскай зборнай Беларусі Паліцевічу, які трапна прабіў галавой.

 

На апошняй хвіліне першага тайма “Нёман” які ўжо раз у сезоне застаўся ў меншасці. За другую жоўтую картку поле пакінуў малады абаронца Анюкевіч.

 

У самым пачатку другога тайма бразілец Леанарда даслаў мяч паміж ног гарадзенскага брамніка Гарбунова і вывеў гасцей наперад.

>

Гарадзенцы з усіх сілаў імкнуліся параўняць лік і валодалі перавагай.

 

Добры шанс параўняць лік меў Дзмітрый Кавалёнак. Яго выхад сам на сам з брамнікам гасцей, здавалася, павінен быў скончыцца голам, але галкіпер “Дынама” пагрозу ліквідаваў.

 

Пасля гэтай паразы гарадзенцы засталіся на перадапошнім месцы ў турнірнай табліцы.

 

Ніжэй знаходзіцца толькі магілёўскі “Днепр”, які адстае ад нашай каманды на тры ачкі.

 

Бліжэйшую сустрэчу “Нёман” згуляе зноў супраць мінскага “Дынама”.

 

Каманды сустрэнуцца ў Гродна ў сераду, 21 верасня, у межах 1/8 Кубка Беларусі.

 

Гарадзенскія заўзятары разлічваюць на тое, што каманда Сяргея Саладоўнікава возьме ў гэтай сустрэчы рэванш.

 

 

17 верасня. “Нёман” – “Дынама-Мінск” 1:2

Фота Яраслава Ванюкевіча