У Гродна адбылася сустрэча ЛГБТ-супольнасці

|

– “Яна толькі спагадліва кіўне вам у адказ”.

 

Гэтая фраза, ці то з фільма, ці то яшчэ аднекуль, ўсплыла ў маёй памяці, калі я збіралася на адно незвычайнае мерапрыемства. Гэтая падзея адбылася ўпершыню ў нашым горадзе, ды і ў маёй журналісцкай практыцы таксама.

 

На мінулым тыдні ў Гродна прайшла сустрэча гарадзенскай ЛГБТ-супольнасці. Ініцыявалі яе актывісты мінскага праваабарончага праекту “ГейБеларусь”.

 

Я і раней была знаёмая з некаторымі прадстаўнікамі нетрадыцыйнай арыентацыі, але каб так шмат і ў адным месцы – гэта было ўпершыню.

 

На сустрэчу прыйшлі 21 чалавек: геі, лесбіянкі і бісэксуалы Гродна і некаторых іншых гарадоў. Прысутнічалі таксама і гетэрасэксуалы – дзяўчыны традыцыйнай арыентацыі, якія прыйшлі падтрымаць сваіх сяброў.

 

Галоўнай мэтай сустрэчы арганізатары заяўлялі аб’яднанне маладых людзей з нетрадыцыйнай арыентацыяй па ўсёй краіне. Гродна, дарэчы, першы горад, у які прыехалі прадстаўнікі “ГейБеларусі”. Далей маршрут працягнецца і па іншых абласных гарадах краіны.

 

Арганізацыя “ГейБеларусь” – праваабарончая ініцыятыва, якая прытрымліваецца каштоўнасцей дэмакратыі і раўнавартаснасці. З усіх аб’яднанняў такога кшталту “ГейБеларусь” – самае масавае і радыкальнае. Прадстаўнікі арганізацыі маюць вельмі амбітныя планы свайго далейшага развіцця: прыйсці ў рэгіёны, сфарміраваць арганізаваную ЛГБТ-супольнасць па ўсёй краіне.

 

На сустрэчы закраналіся тэмы паляпшэння дасуга людзей з нетрадыцыйнай арыентацыяй, аб’яднанне людзей не толькі ЛГБТ-супольнасці, але і гетэрасэксуалаў на падставе адзінай барацьбы за талерантнасць і правы чалавека. Як вынікала з дыскусіяў на сустрэчы, некаторыя натуралы лічаць для сябе вельмі важным удзельнічаць у гей-прайдах, падтрымліваць ЛГБТ-супольнасць.

 

“Мы не хочам рабіць нешта за гарадзенскіх хлопцаў і дзяўчат, але мы гатовы стымуляваць, дапамагаць і падтрымліваць іх ва ўсіх пачынаннях. Таму мы і сабраліся тут,” – распавядаў кіраўнік “ГейБеларусі” Сяргей Андросенка.

 

Для каардынацыі дзеянняў праваабарончай арганізацыі і гарадзенскай ЛГБТ-супольнасці на сустрэчы адбыліся выбары рэгіянальнага каардынатара. Ім стаў 19-гадовы Мікалай Булай. Ён выказаў намер імкнуцца да аб’яднання гарадзенскай ЛГБТ-супольнасці, паляпшэння культурнага жыцця гееў і лесбіянак, іх прававой адукаванасці, таму што гэта сапраўды для іх важна і патрэбна.

 

Асабліва горача распавядала пра правы ЛГБТ-супольнасці праваабаронца Наталля Манькоўская. Усе ўдзельнікі сустрэчы мелі магчымасць падыйсці да яе і распавесці пра свае праблемы прававога характару, пра сітуацыі дыскрымінацыі па сэксуальнай прыкмеце. Наталля была адкрытая для размоваў і кожны жадаючы мог атрымаць ад яе параду.

 

У кастрычніку адбудзецца спроба зарэгістраваць праект “ГейБеларусь” як афіцыйную арганізацыю. Сябры гэтай ініцыятывы спадзяюцца, што хутка ў Гродна будзе створана афіцыйная філія, якая будзе працаваць на карысць ЛГБТ-супольнасці і грамадства. Выказваліся ідэі па арганізацыі разнастайных мерапрыемстваў у Гродна, напрыклад, правядзенню ЛГБТ-выставы адкрытага фармату і г.д.

 

15 кастрычніка адбудзецца заснавальны сход новай арганізацыі.

 

Якія ўражанні пакінула сустрэча ў яе ўдзельнікаў?

 

Зіна: “Пакуль у Гродна не прыехалі прадстаўнікі “ГейБеларусь”, у нашым горадзе ўвогуле ніхто не мог сабрацца разам, а тым больш ніхто не мог арганізоваць нейкія мерапрыемствы. Спадзяюся, будзем супрацоўнічаць і дабівацца вынікаў разам”.

 

Аксана: “У Гродна ёсць падзел – хлопцы-геі і дзяўчыны-лесбіянкі збіраюцца асобна, то бок мы ўсе дзейнічаем разрозненна. Я лічу, што трэба аб’ядноўвацца, гэта пойдзе толькі на карысць нам усім. Хацелася б, каб у нашым горадзе пачалася дзейнасць як у прававым, так і культурным плане.”

 

Віталь: “Раней я вельмі адмоўна ставіўся да нетрадыцыйнай арыентацыі, хоць і сам з’яўляюся геем. Але, пажыўшы некаторы час у Польшчы, зразумеў, што ў Еўропе ЛГБТ-супольнасць – гэта таксама паўнапраўныя грамадзяне. Таму я вельмі хачу прынесці Еўропу ў Беларусь і змяніць стаўленне грамадства да прадстаўнікоў нетрадыцыйнай арыентацыі”.

 

Насця: “Я гетэрасэксуал, але даўно ведаю некаторых з прысутных і падтрымліваю ЛГБТ-супольнасць. Я вельмі рада, што маю такіх сяброў. Сама я прадстаўніца Гарадзенскага дзіцячага хоспісу, дзе мы змагаемся за правы дзяцей-інвалідаў. Мы выступаем за гуманнае грамадства і мне хацелася б, каб гееў і лесбіянак у грамадстве прымалі як нармальных здаровых людзей, на роўных.”

 

Аляксей: “Нам неабходна стварыць гей-кам’юніці Гродна, без падзелу на асобыя групкі”.

 

Мы паразмаўлялі таксама з адным з ініцыятараў і арганізатараў сустрэчы, кіраўніком праваабарончага праекту “ГейБеларусь” Сяргеем Андросенкам (на здымку).

– Уявім ідэальную сітуацыю: ваша арганізацыя дасягнула ўсіх сваіх мэтаў і выканала пастаўленыя задачы. Якім ты бачыш пасля гэтага становішча ЛГБТ-супольнасці? Сітуацыю ў краіне? У сваёй арганізацыі?

 

– Місія нашай арганізацыі – стварэнне бяспечных і камфортных умоваў для жыцця геяў, лесбіянак, бісэксуалаў і трансгендараў. Калі гомасэксуалы перастануць сутыкацца з фізічным гвалтам і маральным ціскам выключна на падставе сваёй сэксуальнасці, тады мы зможам з палёгкай уздыхнуць і заняцца іншымі рэчамі. Пакуль супольнасць ЛГБТ не жыве паўнавартасным і годным жыццём, а арганізацыю чакае вялікая праваабарончая і асветніцкая праца.

Мы імкнемся да кансалідацыі, разняволення, выхаду з маргіналізацыі ЛГБТ-супольнасці. Людзі з нетрадыцыйнай арыентацыяй павінны расці над сабой, мець высокую самаацэнку, адчуваць сваю каштоўнасць у грамадстве і ганарыцца сабой.

 

– Чаму, на тваю думку, большая частка грамадства Беларусі не прымае ЛГБТ-супольнасць?

 

– Адной з прычын з’яўляецца элементарная недасведчанасць і неадукаванасць. Большасць беларусаў і беларусак ніколі не бачылі і не мелі стасункаў з адкрытымі гомасэксуаламі, маюць багата забабонаў і стэрэатыпаў. Тых каго не відаць – лічы, што і няма. Дзяржава не займаецца сэксуальнай асветай і не навучае беларусаў, у тым ліку маладых таму, што сэксуальныя арыентацыі бываюць розныя і што некаторыя людзі бываюць гомасэкуальнымі ці бісэксуальнымі і гэта нармальна. У Беларусі скрозь пануе гетэранарматыўнасць, гомасэксуалы пазбаўлены права быць сабой.

 

– Ці плануеце вы рабіць захады для выпраўлення гэтай сітуацыі?

 

– Канешне. Ужо робім. Мы займаемся асветай, адвакацыяй і лабіраваннем, вядзем актыўныя інфармацыйныя кампаніі. Публічная інфармацыя – гэта адзін з асноўных інструментаў, якім мы збіраемся змяняць сітуацыю ў  Беларусі ў стаўленні да ЛГБТ-супольнасці.

 

– Якія праблемы часцей за ўсё вы сустракаеце на сваім шляху?

 

– Праблемы такія, як і ў іншых арганізацый: складаныя заканадаўчыя працэдуры, адсутнасць законнасці ў дзяржаве. Да гэтага, праўда, дадаецца нецярплівасць да ЛГБТ-супольнасці.

 

– Якія ўражанні ў цябе засталіся пасля сустрэчы з прадстаўнікамі гарадзенскай ЛГБТ-супольнасці? Якія перспектывы, праблемы ты бачыш у рэгіёне?

 

Наша актыўнасць залежыць ад актыўнасці ўдзельнікаў нашай арганізацыі.

Гродзенская ЛГБТ-супольнасць, канешне, не такая актыўная, прадпрымальная і бачная, як мінская. Але “ГейБеларусь” вырашала ўмацаваць свой патэнцыял і патэнцыял рэгіёнаў. Арганізацыя мела даўно сяброў па ўсёй краіне, але ніколі не мела рэгіянальных арганізацый і кааардынатараў, мы хочам выправіць сітуацыю і спадзяемся гэта будзе штуршком для арганізацыі рэгіянальных актыўнасцяў, кіраўніцтва “ГейБеларусі” гатовае працаваць у гэтым накірунку і падтрымліваць рэгіянальныя аддзяленні сваімі ведамі і ўменнямі.

 

Сустрэча гарадзенскай ЛГБТ-супольнасці прайшла ў даволі цёплай нефармальнай атмасферы. Людзі, аб’яднаныя адной ідэяй, аднымі інтарэсамі і каштоўнасцямі ў жыцці, размаўлялі пра розныя рэчы, сур’ёзныя і не вельмі, дзяліліся сваімі ідэямі і досведамі.

 

Назіраючы за імі, мне думалася: “І адкуль жа вы бярэціся?” Але тут можна прыгадаць словы французскага пісьменніка Жана Жэнэ: “Я гомасэксуаліст… Як і чаму — безнадзейныя пытанні.

 

Гэта ўсё адно што пытаць, чаму мае вочы зялёнага колеру”. Вось і я вырашыла не “замарочвацца”, бо якая ў прынцыпе розніца – гей ці натурал?

 

Усе мы людзі і ўсе мы маем права кахаць і быць каханымі.