“Нёман” перарваў серыю ў 11 гульняў без перамогаў

|

“Нёман” павёў у ліку ўжо на 6-й хвіліне.  У першым тайме гаспадары маглі забіць яшчэ некалькі разоў: добрыя шансы мелі Вадзім Дзямідовіч і навічок “Нёмана”, славацкі абаронца Іван Пеха.

>

 

Гэтага гульца беларускія аматары футболу могуць помніць па гульнях за барысаўскі БАТЭ (2008-2009).

 

У Гродна славак перабраўся з Азербайджану.

У першым тайме здарыўся эпізод, які дадаў нарвовасці ўсёй далейшай сустрэчы. У штрафной “Нёмана” пасля сутыкнення з гарадзенскім брамнікам Гарбуновым упаў наваполацкі форвард Хлебасолаў.

Арбітр, аднак, пенальці не даў, пакараўшы нафтанаўца жоўтай карткай за сімуляцыю.

 

Пасля гульні трэнер гасцей Ігар Кавалевіч, які ў свой час некалькі сезонаў адгуляў за “Нёман”, з гэтай нагоды ледзь не ў адкрытую сказаў, што арбітр Кульбакоў падсуджваў гаспадарам.

 

На гэтую заяву трэнер гарадзенцаў Сяргей Саладоўнікаў адказаў, што трэба ўмець не толькі трэніраваць каманду, але годна прайграваць разам з ёй.

 

Пасля гэтай перамогі “Нёман” палепшыў сваё становішча ў турнірнай табліцы. Гарадзенцы дагналі “Віцебск” (абодва клубы маюць па 28 ачкоў і займаюць адпаведна 11-е і 10-е месцы) і ўсяго на 2 ачкі адстаюць ад “Мінска” (9-е месца) і на 3 – ад “Нафтана” (8-е месца).

 

Цяпер у чэмпіянаце будзе невялікі перапынак, звязаны з матчамі нацыянальнай зборнай Беларусі. У яе складзе да гульні са зборнай Румыніі рыхтуецца і абаронца “Нёмана” Павал Пласконны.

 

Наступную сустрэчу чэмпіянату гарадзенцы згуляюць 16 кастрычніка ў Бабруйску супраць “Белшыны”. Перад гэтым матчам трэнерскі штаб “Нёмана” плануе таксама таварысцкую гульню ў Беластоку супраць мясцовай “Ягелоніі”.

 

1 кастрычніка. “Нёман” – “Нафтан” 1:0

 

Фота Яраслава Ванюкевіча