Дзе адпачыць у Падлабенні?

|

Падлабенне ляжыць усяго ў пяці кіламетрах ад Гародні ў бок Аўгустоўскага каналу, але той хто сюды патрапіць можа падумаць, што цывілізацыя ад вёскі знаходзіцца значна далей. Недагледжаныя дзіцячыя пляцоўкі, разбітыя дарогі, неасветленыя ў вячэрні час вуліцы і адсутнасць месца адпачынку для мамаў з дзецьмі, сталых людзей, а ўвечары – моладзі.

Праблема культурнага адпачынку закранула мяне, калі аднойчы да мяне прыехалі госці, а я, хоць жыву ў Падлабенні ўжо тры гады, не змагла іх завесці нікуды, дзе мы маглі б правесці вольны час.

 

Яшчэ два гады таму была дыскатэка, але яна пераўтварылася ў месца п’янак і боек – распавядае старшыня сельсавету Пётр Акуновіч. Прадстаўнік падлабенскай улады не хавае, што прычынай падзення нораваў сталіся “гарадскія”. – Панаяджджаюць і давай з мясцовымі хлопцамі разборкі чыніць – скардзіцца Пётр Іванавіч, які не змог даўжэй трываць гэтае бязладдзе і разам з іншымі членамі сельсавету вырашыў дыскатэку зачыніць. – Затое цяпер стала цішэй і прасцей – з палёгкай уздыхае старшыня.

У Падлабенні няма свайго клубу, дзеці школьнага ўзросту бавяць вольны час ў былым памяшканні вясковай крамы. Там дзейнічае «кабінет пазашкольнай працы». Яго наведвальнікі займаюцца творчасцю – малююць, лепяць, робяць вырабы.

 

Старэйшыя жа падлеткі могуць наведваць нядаўна адрамантаваны клуб у вёсцы Рацічы. Там працуюць секцыі па інтарэсах і ладзяцца дыскатэкі. Вось толькі Рацічы ад Падлабення далей чым Гародня ажно ў два разы. Незразумела, дарэчы, чаму мясцовая моладзь не шукае магчымасцяў запісацца ў гурток, ці знайсці месца патанчыць у горадзе. Можа гэта наступствы варожых стасункаў паміж “гарадзкімі” і мясцовымі з часоў, калі ў вёсцы яшчэ дзейнічала свая дыскатэка?

 

Затое ў Падлабенні ёсць футбольнае поле, пляцоўкі для баскетбола і валейбола – пералічвае старшыня сельсавета спартовыя аб’екты. Калі пытаюся ў яго, што плануецца рабіць па пашырэнню інфраструктуры адпачынку, даведваюся, што Падлабенне – гэта ніякая ня вёска, толькі аграгарадок. – Але грошай на пашырэнне інфраструктуры няма – здраджвае мой суразмоўца і падкрэслівае, што найперш трэба знайсці сродкі на паляпшэнне асвятлення вуліц і рамонт дарог. – Ну і парадак на зямлі трэба навесці – дадае Пётр Іванавіч.

Надзея на тое, што аграгарадок Падлабенне будзе больш адпавядаць свайму статусу ўсё ж ёсць. Каля мясцовага касцёла ў гонар 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў былі высаджаныя туі. У будучыні ў гэтым месцы плануецца разбіць парк, па якім будзе пракладзена алея з лаўкамі для адпачынку. – Можа тое, што парк будзе побач з касцёлам стрымае моладзь ад вандалізму? – задумваецца старшыня сельсавета, выказваючы спадзеў на тое, што даглядаць за паркам згодзіцца мясцовы пробашч ксёндз Казімір.

Вось толькі як хутка з’явіцца парк? На гэтае пытанне адказу ад падлабенскай улады я не пачула. А моладзь – пакуль няма ані парку, ані дыскатэкі – па вечарах збіраецца на ганку аварыйнага будынку былой бальніцы, альбо на ганку запаснога уваходу ў кантору. Часам – хлопцы і дзяўчаты проста бавяць час на лаўках, каля пад’ездаў дамоў.