У хаце актывіста антыатамнай кампаніі адбыўся ператрус

|

Самога сп. Уласевіча ў момант ператрусу, які адбыўся 9 лістапада па абедзе, у хаце не было. Нягледзячы на пярэчанні жонкі актывіста, міліцыянты дагледзілі хату, фіксуючы ўсё на фота і відэа.

 

 

Як вынікае з распаўсюджанага Мікалаем Уласевічам электроннага ліста, міліцыя нібыта шукала ўлёткі ў падтрымку актывіста, якія з’явіліся на тэрыторыі раёна.

 

Мікалай Уласевіч з’яўляецца адным з найбольш актыўных удзельнікаў кампаніі пратэсту супраць будаўніцтва АЭС у Астравецкім раёне.

 

Яшчэ летам былы настаўнік геаграфіі распаўсюдзіў адкрыты зварот, адрасаваны старшыні Канстытуцыйнага суда Пятру Міклашэвічу і генеральнаму пракурору Рыгору Васілевічу.

У звароце, у прыватнасці, гаварылася:

 

БелАЭС у расійскім варыянце выканання адназначна не вядзе да энергетычнай, а гэта значыць і эканамічнай бяспекі краіны. АЭС гэта бясспрэчна эканамічная пастка для Беларусі, таму штоўяўляе сабой вялізную даўгавую яму і прамы шлях да яшчэ большай эканамічнай і палітычнай залежнасці Беларусі ад нашага ўсходняга суседа

 

АЭС для Беларусі гэта знак бяды, гэта страшнае эканамічнае і палітычнае злачынства супраць нашай краіны і яе народа. І сёння ўсе мы, каму дарагі лёс нашай Айчыны і сваіх нашчадкаў, павінны зрабіць усё для таго, каб спыніць гэтае злачынства“.

 

Пазней сп. Уласевіч звярнуўся ў Вярхоўны суд з патрабаваннем працягнуць Аляксандра Лукашэнку да адказнасці за яго ўказ № 418 «О размещении и проектировании атомной станции в Беларуси».

 

На думку грамадскага актывіста, гэты дакумант парушае Канстытуцыю краіны, у якой запісана, што тэрыторыя Беларусі з’яўляецца без’ядзернай зонай.

Вярхоўны суд адмовіўся распачаць такую справу.

 

Глядзіце выступ Мікалая Ўласевіча (0,35-3,30) ў час слуханняў па ацэнцы ўздзеяння АЭС на навакольнае асяроддзе (Астравец, 2009 г.)

 

30-га лістапада суд у Ашмянах мае разгледзіць позву аднаго з мясцовых прадпрымальнікаў пра абразу гонару і годнасці, нібыта здзейсненую ў дачыненні да яго Ўласевічам. Прадпрымальнік разлічвае спагнаць з Уласевіча 30 млн. рублёў.

 

Сам Мікалай Уласевіч віны не прызнае і сцвярджае, што мае доказы карумпаванасці прадпрымальніка і мясцовых уладаў, пра што не раз паведамляў у праваахоўныя ворганы.