Толькі адно хворае на дыябет дзіця ў Гродне мае інсулінавую помпу
Як піша «Ежедневник:Здоровье» са спасылкай на галоўнага пазаштатнага эндакрынолага Міністэрства аховы здароўя Алу Шэпелькевіч, праграма прадугледжвае набыццё помп для дзяцей і цяжарных жанчын.
На сёння з сямідзесяці пяці хворых на цукровы дыябет маленькіх гродзенцаў, толькі адзін (яшчэ адзін ужо паўнагадовы) карыстаецца гэтым прыборам.
Набываюцца інсулінавыя помпы за асабістыя грошы бацькоў, а для большасці беларускіх хворых такія апараты – недасягальная раскоша.
Яны каштуюць каля 2000 долараў, яшчэ каля 200 долараў неабходна выдаткоўваць штомесяц на расходнікі (напрыклад, катэтары трэба замяняць раз на 3-5 дзён).
Нават пры ўліку бясплатнага інсуліну для дзяцей, – кошты непад’ёмныя.
Дзяржава пры ўсім жаданні не ў стане забяспечыць усіх бясплатнымі помпамі.
Да таго ж, інсулінавая помпа – вельмі складаны прыбор, маленькі кампутар, які патрабуе праграмавання.
Для таго, каб пачаць ім карыстацца, дзіця разам з бацькамі павінна прайсці вельмі сур’ёзны курс навучання.
Ала Шэпелькевіч:
– Зараз мы аналізуем узрост дзяцей, неабходныя параметры кампенсацыі інсуліну і іншыя чыста медыцынскія пытанні, і на падставе гэтых дадзеных у студзені 2012 года будуць распрацаваныя паказанні аб парадку пераводу дзяцей на помпавую інсулінатэрапію.
На Захадзе інсулінавыя помпы набываюць усё большы распаўсюд.
Напрыклад, у Славеніі імі забяспечаныя каля 90% хворых на цукровы дыябет дзяцей, а ўсе выдаткі бярэ на сябе страхавая кампанія.
Помпа, насіць якую трэба кругласуткава, забяспечвае бесперапынныя ін’екцыі інсуліну.
Толькі ў Гродне на ўліку ў абласным эндакрыналагічным дыспансеры знаходзіцца 24756 хворых на цукровы дыябет.
За 9 месяцаў гэтага году колькасць хворых павялічылася яшчэ на 1903 чалавекі.
Напярэдадні і ў Сусветны дзень дыябету, які адзначаецца сёння, эндакрыналагічны дыспансер праводзіў акцыю па бясплатным вызначэнні ўзроўню цукру ў крыві.
Скарысталіся магчымасцю 240 чалавек, у многіх з іх тэст выявіў праблемы.
Канчатковыя вынікі акцыі будуць падведзеныя праз 2 дні.