Адным цэнтрам рак не пераможаш

|

Год таму ў Гродне за грошы Еўрасаюзу быў адчынены адзіны ў Беларусі Цэнтр выяўлення генетычнай схільнасці да анкалагічных хваробаў.

За год супрацоўнікі Цэнтра даследавалі звыш 2 тыс. чалавек. 900 з іх былі аднесеныя да групы рызыкі.

Усяго ў вобласці плануецца даследаваць 11 тыс. пацыентаў.

Гарадзенскія медыкі выкарыстоўваюць самае сучаснае абсталяванне. У тым ліку – лічбавы рэнтгенаўскі мамограф, які дазваляе ўбачыць месца хваробы памерам у некалькі міліметраў. На такой стадыі захворвання гарантыя поўнага вылечвання роўная 100%.

У канцы красавіка, піша “Рэспубліка”, Цэнтр атрымае ультрагукавы сканер, які дазволіць абследаваць яшчэ большую колькасць людзей.

Гэтых мераў мала для паўнавартаснай дыягностыкі таго ж раку малочнай залозы – лічыць актывістка Смаргонскага рэгіянальнага аддзялення грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя Маладых Хрысціянскіх Жанчын” Ірына Фрэнкель, да якой “Твой Стыль” звярнуўся за каментаром.

На працягу некалькіх апошніх гадоў яна займаецца пытаннямі прафілактыкі захворванняў малочнай залозы.

Па яе словах, мамографы ёсць толькі ў абласных цэнтрах Беларусі і Наваполацку, што абмяжоўвае даступнасць такога кшталту даследаванняў.

Выйсцем магло б быць стварэнне перасоўных мамографаў, а таксама абавязковы скрынінг (даследаванне) ўсіх жанчын, асабліва тых, хто перасягнуў 50-гадовы ўзрост.

У Польшчы, дзе штогод выяўляецца каля 12 тыс. выпадкаў захворвання на рак малочнай залозы, зараз ідзе актыўная дыскусія наконт таго, каб умовай прыёму на працу была даведка пра пройдзенае мамаграфічнае даследаванне.

На думку Ірыны Фрэнкель, такога кшталту рашэнне было б карысных і для здароўя беларусак.

Фота: dzennik.pl