Святочнае вырашэнне пытанняў у СВК “Гродзенскі”

|

Пад прыкрыццем свята кіраўніцтву гаспадаркі ўдалося з дапамогай удзельнікаў сходу вырашыць два пытанні аб продажы калгаснай маёмасці.

 

– Будуць разглядацца пытанні аб продажы зернасховішча ў Караліна і будынку былой фермы ў Пракаповічах – паведаміў “Твайму стылю” перад пачаткам сустрэчы галоўны ветэрынарны ўрач СВК “Гродзенскі”.

Ушануем таксама юбіляраў – дадаў калгасны эканаміст.

 

А вось адзін з механізатараў здзіўляўся, што такое мерапрыемства ўвогуле зладзілі. – Дваццаць гадоў працую ў гаспадарцы і гэта першы на маёй памяці сход з нагоды Дня сельскагаспадарчага работніка! – не хаваў ён эмоцый.

 

Згодна з рэгламентам, першым узяў слова старшыня СВК “Гродзенскі» Аляксандр Шантыр.

З ягонай справаздачы прысутныя даведаліся, што сёлета валавы збор збожжавых разам з кукурузай склаў каля 10,5 тысяч тон.

Гэта амаль на 3 тысячы тон больш, чым у мінулым годзе.

Таксама сярэдняя ураджайнасць сёлета была вышэйшая за мінулагоднюю на 13 цэнтнераў з гектару і склала 36,6 ц/га.

 

Кармоў для ската на зімовы перыяд назапасілі 100% ад патрэбы, а рэнтабельнасць жывелагадоўлі ў гаспадарцы склала 20,4%.

Нягледзячы на адносна высокія паказчыкі сярэдні заробак у СВК “Гродзенскі” складае толькі 1 мільён 217 тысяч рублёў.

Гэта на 54% больш, чым у мінулым годзе, але, улічваючы сёлетнюю амаль 190% дэвальвацыю рубля адносна даляра і амаль стопрацэнтную інфляцыю – дэ факта заробкі калгаснікаў знізіліся.

 

– Механізатары, якія хочуць працаваць, атрымліваюць і па тры мільёны, але ёсць і такія, што зарабляюць толькі 700 тысяч – спрабаваў матываваць да лепшай працы старшыня.

 

Калі ў гаспадарцы ўсё так неблага, незразумела, чаму прыкладна на тыдзень раней прадстаўнік райвыканкаму назваў СВК “Гродзенскі” разам з гаспадаркамі “Зарэчны-Агра” і “Ніва” “іржавым кальцом Гродзенскага раёна”.

 

Пра праблему недахопу кадраў у раслінаводстве паведаміў падчас свайго выступу галоўны аграном. –  СВК знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад Гродна і людзі сыходзяць працаваць у горад. У нас застаюцца толькі самыя адданыя – наракаў аграном.

 

На самой справе галоўная прычына, па якой людзі яшчэ працуюць у гаспадарцы – гэта залежнасць ад калгаснага жылля і адсутнасць прафесійных навыкаў для працы ў горадзе.

Дарэчы, некаторыя калгаснікі спадзяваліся вырашыць на сходзе пытанні з прыватызацыяй калгаснага жылля, але іх заявы не былі прынятыя.

Маўляў, такія справы будуць разглядацца на справаздачным сходзе толькі ў наступным годзе.

 

Працаўнікі былі расчараваныя і ў кулуарах ахвотна прызнаваліся, што хочуць як мага хутчэй вырашыць жыллёвыя пытанні, каб звольніцца з працы ў СВК “Гродзенскі”.

Не толькі таму, што праца ў гаспадарцы цяжкая фізычна і часта даводзіцца працаваць больш за 12 гадзін у дзень, але і таму, што гэтая праца нізка аплочваецца, а маральна-псыхалагічны ціск з боку кіраўніцтва надта вялікі.

 

Ілюстрацыяй таго, як кіраўніцтва выкарыстоўвае калгаснікаў дзеля вырашэння пытанняў паводле сваёй задумкі, стала прапанова старшыні аб продажы зернасховішча ў вёсцы Караліна гаспадару аграсядзібы Паўлу Клімко. – Гэта неабходна зрабіць па просьбе губернатара Сямёна Барысавіча – паведаміў старшыня.

 

Ці трэба казаць, што просьбу кіраўніка вобласці падтрымалі большасцю галасоў?

 

Старшыня палічыў таксама, што вельмі дорага самастойна разбіраць будынак былой фермы ў вёсцы Пракопавічы і прапанаваў прадаць яго фірме “Томас-Агра” за 25 мільёнаў рублёў.

Калгаснікі пагадзіліся.

 

Пасля гэтага, неспадзявана ў залі падняўся чалавек па прозвішчы Пяцэвіч.

Ён паведаміў, што за немалыя грошы арандуе ў СВК будынак зернасховішча ў вёсцы Баранавічы, што правёў там электрычнасць, зрабіў частковы рамонт і цяпер хоча выкупіць аб’ект ва ўласнасць.

Але на будынак, як высветлілася, прэтэндуе яшчэ адзін пакупнік.

 

Пяцэвіч, аргументуючы тым, што яму як арандатару належыць права первакупу, прасіў прысутных, каб дазволілі яму набыць маёмасць па-за конкурсам. – Я адпрацаваў у гэтай гаспадарцы дзесяць гадоў, маю дыпломы і ўзнагароды за добрую працу – пераконваў Пяцэвіч.

 

Старшыня аднак перабіў прамоўцу, заявіў, што такога кшталту пытанні на гэтым сходзе не вырашаюцца і прапанаваў калгаснікам падтрымаць продаж зернасховішча праз аукцыён.

 

Спадар Пяцэвіч не мог пахваліцца падтрымкай губернатара Сямёна Барысавіча, і вынік галасавання атрымаўся не на яго карысць.

 

Скончылася святочнае мерапрыемсва канцэртам мясцовага творчага калектыву.

Вядучая бавіла публіку загадкамі і жартамі.

 

Адну з загадак паспрабаваў адгадаць мясцовы механізатар і выкрыкнуў адказ на яе: “Шэф!”.

На гэтую рэпліку адрэагаваў участковы, які вывеў мужчыну з залі, хаця па сутнасці механізатар меў рацыю: правільны адказ быў “старшыня”, але ўчастковы, напэўна, пра гэта не ведаў.

 

 

На здымку: Калгасны сход.1962 г.

Выява з сайта http://www.gende-rote.com