Падводзім вынікі футбольнага сезона

Перад пачаткам новага сезону “Нёман” правеў неблагую селекцыйную падрыхтоўку. Былі ўмацаваныя ўсе пазіцыі: Рыбак – узмацненне абароны, Дзянісевіч – сярэдняй лініі, Фрунзэ – атакі. Таксама у каманду прыйшлі дасведчаныя Сучкоў і Страхановіч.

 

Укамплектаваны пераважна дасведчанымі выканаўцамі, “Нёман” збіраўся штурмаваць вяршыні турнірнай табліцы.

 

– Мэты «Нёмана» у чэмпіянаце? Не прыхільнік агучваць іх загадзя. Безумоўна, ёсць дыяпазон, з якога нельга выпадаць. Груба кажучы, барацьба за выжыванне для гэтага складу – катастрофа. Значыць, будзем імкнуцца падняцца як мага вышэй,заявіў тагачасны галоўны трэнер Аляксандр Карашкоў.

 

Пра мэты на будучы сезон гаварыў і паўабаронца Іван Дзянісевіч, які папярэдні сезон правёў у салігорскім “Шахцёры”:

 

-Я па жыцці аптыміст і заўсёды спадзяюся на лепшае: на высокі вынік, на заваяванне Кубка. У нас падбіраецца нядрэнная каманда, гэта было відаць на зборах. Мы ніводнай камандзе не саступілі па гульні. Прапускалі нелагічныя галы, але гэта зборы, мы трэніраваліся, эксперыментавалі, таму атрымліваўся такі вынік.

 

Неадназначны старт

 

Пачатак сезону па традыцыі пачаўся з кубкавых матчаў. Для “Нёмана” ён склаўся даволі ўдала: у чвэрцьфінале быў перайграны наваполацкі “Нафтан”, а ў паўфінале капітулявала бабруйская “Белшына”.

>

Малдаўскі легіянер Віярэл Фрунзэ (на другім плане) моцна дапамог камандзе у кубкавых гульнях на старце сезона.


У выніку другі раз за апошнія 18-ць год гарадзенцам пашчасціла трапіць у фінал.

 

У чэмпіянаце “Нёман” стартаваў з гасцявой гульні ў Бырысаве. Выніковая нічыя 1-1 падмацоўвала аптымізм заўзятараў, але затым адбыліся дзве паразы ад “Шахцёра” і “Віцебска”.

Гарадзенцы так і не змаглі на стаце чэмпіянату “прабіць” віцебскага брамніка Гушчанку.

Кубак

 

Напэўна, перш чым казаць пра фінальную гульню за Кубак Беларусі, трэба расказаць пра падзеі, якія непасрэдна адбываліся за некалькі тыдняў да гэтага.

 

16 траўня новым старшынём гарадзенскага «Нёмана» быў прызначаны Леанід Дзмітраніца, які раней з’яўляўся генеральным дырэктарам беларускай федэрацыі футбола.

 

З прыходам да кіравання федэрацыяй Сяргея Румаса гэтаяпасада была скасаваная, а Леанід Фёдаравіч заставаўся без працы да моманту запрашэння ў Гродна.

 

Што тычыцца Дзяніса Курчэўскага, які ўзначаліў «Нёман» у канцы студзеня 2011 года, то ён быў пераведзены на пасаду намесніка старшыні клуба. Усе гэтыя падзеі дадавалі нарвовасці сярод заўзятараў каманды.

 

Другім удзельнікам фінала стаў “Гомель”, які толькі вярнуўся ў вышэйшую лігу.

 

За тыдзень да фіналу, у межах чэмпіянату “Неман” прыймаў каманду з берагоў Сожа. Гэту гульню называлі генеральнай рэпетыцыяй фіналу.

 

Акрамя грубасці з боку абедзьвюх каманд, аднак, гэты матч нічым і не запомніўся (0:0).

29 траўня ў фінале Кубка Беларусі “Нёман” саступіў “Гомелю” 0:2 і развітаўся з “пуцёўкай” у Лігу Еўропы, удзел у якой мог дадаць камандзе не толькі аўтарытэту, але і грошай у клубны бюджэт.

 

Безпераможная серыя

 

З 2-га ліпеня па 25-е верасня каманда не магла дамагчыся перамогі! 11 матчаў! Цэлы круг чэмпіянату. Пяць нічыіх і шэсць параз.

 

Пра якія медальныя перспектывы пасля гэтага можна было весці размову?

Яўген Савасц’янаў сёлета ў складзе маладзёжнай зборнай Беларусі заваяваў пуцёўку на Алімпіяду ў Лондане.

 

У сярэдзіне жніўня расійскі спецыяліст Аляксандр Карашкоў па ўласным жаданні падаў у адстаўку з пасады галоўнага трэнера «Нёмана». Прычынай такога рашэння сталі нездавальняючыя вынікі каманды. Заява была ўхвалена кіраўніцтвам клуба. Новым галоўным трэнерам стаў Сяргей Саладоўнікаў.

 

-Не хачу казаць пра тое, у якім стане была каманда да майго прыходу. Гэта неэтычна. Усё зразумела становіцца па месцы, якое яна займае ў табліцы. Для мяне відавочна, што каманда прайгравала матчы шмат у чым не на полі, а ў распранальні да пачатку гульні. У гэтым сэнсе неабходна надаць увагу псіхалогіі. Хацеў бы, каб гарадзенскія заўзятары не асуджалі сваіх футбалістаў, не крытыкавалі іх бяздумна, а падтрымлівалі заўсёды і паўсюль», – прыводзіць словы Саладоўнікава пасля першага свайго матча Goals.by.

Шчаслівы канец

 

Матч 32 тура з “Віцебскам” для “Нёмана” быў вызначальны. Пераможца матча аўтаматычна гарантаваў сабе прапіску ў вышэйшай лізе на наступны год.

 

Напэўна таму неверагодны настрой на гульню стаў вынікам таго, што гарадзенцы на ўжо 60 хвіліне вялі з лікам 3-0. Праўда, “Віцебск” усё ж апомніўся, але позна – 3:2 на карысць “Нёмана”.

На Алега Страхановіча гарадзенскія заўзятары ўскладалі вялікія надзеі. Лідэрам каманды Алег, аднак, не стаў.

Лічбы

 

• 4 000 000 млн даляраў у пачатку сезона меў скласці бюджэт клуба (супраць леташняй лічбы ў 1,8 мільёна).

 

• 5 мячоў – з такім паказчыкам Дзямідовіч і Савіцкі сталі лепшымі бамбардырамі каманды.

 

• 12 гадоў «Белшына» не можа перайграць «Нёман» у чэмпіянаце Беларусі.

 

• 500.000 тыс. даляраў- не менш, чым за такую суму каманда зможа развітацца з Савіцкім.

 

Што далей?

 

«Нёман» пакінулі тры абаронцы – малдаванін з расейскім пашпартам Аляксандр Каваленка, славак Іван Пеха, а таксама гулец зборнай Беларусі Павал Пласконны, які падпісаў кантракт з мінскім “Дынама”.

Аляксандр Каваленка быў адным з самых надзейных гульцоў у абароне “Нёмана”.


Паехаў дадому расейскі нападнік Аляксей Сугак. З усёй кагорты пералічаных гульцоў у Гродна можа вярнуцца толькі Пеха, адзначае «Прессбол».

 

На прагляды ў блізкае замежжа сабраліся нападнік Вадзім Дзямідовіч (на верхнім здымку ў атацы) і паўабаронца Алег Страхановіч, у якіх скончыліся кантракты.

 

Скончыўся тэрмін дамовы з клубам і ў галкіпера Андрэя Гарбунова – агент шукае яму варыянты за мяжой. Аднак не выключана, што гэтае трыо можа працягнуць кар’еру ў Гродне.

 

Дасведчаныя гульцы збіраюцца перабрацца ў чэмпіянаты, дзе плацяць больш грошай. Таму, магчыма, у сувязі с эканамічнымі абставінамі на наступны сезон Неман будзе ўкамплектаваны ў большасці маладымі таленавітымі гульцамі. Але ці дачакаемся мы ў такім выпадку адраджэння футбола ў Гродне?

 

Фота Яраслава Ванюкевіча з архіву ТС